6 сакавіка ў заказніку "Спораўскі" был праведзен кантраляваны пал сухой расліннасці. Дадзены метад з'яўляецца адносна новым інструментам устойлівага кіравання нізіннымі балотамі. Ён дазволіць захаваць біялагічную разнастайнасць адкрытых нізінных балот, а таксама прадухiлiць некантралюемыя палы ў пазнейшыя перыяды (красавік-травень), якія маюць, зазвычай, катастрафічныя наступствы для прыродных экасістэм і ўяўляюць пагрозу насельніцтву, лясным і сельскагаспадарчым угоддзям.

«Кантраляваны пал сухой расліннасці на корані з'яўляецца адным з інструментаў, што выкарыстоўваюцца для падтрымання балот у адкрытым стане. І мы звяртаемся да яго для тэрыторый, дзе па нейкіх прычынах немагчыма праводзіць кашэнне, або на вельмі вялікіх плошчах», - адзначыў Міхал Максіменкаў, навуковы каардынатар праекта ЕС-ПРААН «Кліма-Іст».
Упершыню дадзеная методыка была апрабавана ў 2015 годзе ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Званец». Маніторынг расліннасці ў заказніку «Званец», праведзены ў 2016 годзе, прадэманстраваў станоўчы ўплыў кантраляванага пала на прыроду, у прыватнасці, захаванне або павелічэнне відавога багацця на другі год пасля правядзення, адсутнасць разрастання хмызняку, змяншэнне прадукцыйнасці і праектыўнага пакрыцця трыснягу.

У мерапрыемстве гэтага года ўдзельнiчалi прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства лясной гаспадаркі, Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Бярозаўскай і Драгічынскай раённых інспекцый прыродных рэсурсаў, НУА і СМІ. Усе зацікаўленыя асобы змаглі наведаць балота, убачыць працэс падрыхтоўкі і правядзення кантраляванага пала сухой расліннасці на корані.
ДПУ «Рэспубліканскі біялагічны заказнік «Спораўскі» з'яўляецца адной з пілотных тэрыторый праекта «Кліма-Іст: захаванне і ўстойлівае кіраванне тарфянішчамі ў Рэспубліцы Беларусь для скарачэння выкідаў вугляроду і адаптацыі балацяных экасістэм да змены клімату», якi фінансуецца Еўрапейскім саюзам i рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.



