27 мая ў в. Мікулічы, што на Брагіншчыне, адбыўся Фестываль сямейных клубаў “Мікулянскія забавы”, які сабраў гасцей з усяго раёна, а таксама з Лоева і Мінска.
Сямейныя клубы, ўстановы культуры і адукацыі раёна, рамеснікі падрыхтавалі для дзяцей і іх бацькоў мноства цікавых заняткаў, каб можна было весела адпачыць усёй сям’ёй.
Падчас адкрыцця прывітальнае слова сказалі прадстаўнік раёна дырэктар Брагінскага ТЦСАН Сяргей Пархамец і дырэктар ГА “Беларускі зялёны крыж” Уладзімір Шаўцоў.
У парку, дзе адбываліся асноўныя падзеі, сямейныя клубы спрабавалі высветліць, чый хлеб і квас лепшы. На рамеснай пляцоўцы жадаючыя стваралі “Мікулаў двор” і апляталі школьны плот беларускім традыцыйным арнаментам. Млын прывабліваў першымі ўзорамі мясцовых сувеніраў – прыхваткі, мяшочкі, паштоўкі, заплечнікі былі распрацаваны як частка ініцыятывы “Інкубатар ініцыятыў-2”, якая здзяйсняецца у рамках праекта “Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН і фінансуецца Еўрапейскім саюзам.
У рамках гэтай жа ініцыятывы для падлеткаў была падрыхтавана гульня-падарожжа “Мікулаў-квэст”, падчас якой персанажы праверылі наколькі хлопцы і дзяўчаты трапныя, спрытныя, умелыя, ці добра ведаюць традыцыйнае куханнае начынне і мясцовыя стравы, ці ўмеюць расшыфраваць закадзіраваныя тэксты. Заўзятых спартсменаў запрасілі паўдзельнічаць у спаборніцтвах “Асілкавы забавы”, падрыхтаваных сямейным клубам “Адраджэнне” з в. Краснае. Дзеці з захапленнем махалі “булавамі”, кідалі “дзіды”, скакалі на “конях”, вырашалі, хто найбольш моцны, спрытны і трывалы.
Cамыя малыя на спецыяльных палянках адгадвалі загадкі і казачных персанажаў, скакалі на прыгалках, малявалі, ляпілі з цеста, гулялі ў шахматы і шашкі. Падсілкавацца можна было ў новай альтанцы, пабудаванай у рамках ініцыятывы “Ікубатар ініцыятыў-2”, шчавелевым баршчом і бабкай, якую згатавалі тут жа ў печы.
Падчас фінальнага канцэрта сваім талентам радавалі гледачоў калектывы з Буркоў, Камарына, салісты з Брагіна і Лоева, а таксама выкладчык Універсітэта культуры Васіль Глубачэнка, які зайграў на электрабаяне.
Фестываль сямейных клубаў праводзіўся ў рамках праекта “Развіццё патэнцыялу сеткі сямейных клубаў у Чарнобыльскай зоне з мэтай паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі”, што рэалізуецца ГА “Беларускі зялёны крыж” і фінансуцца Еўрапейскім саюзам, і вельмі прывабіў жыхароў раёна да сямейных клубаў, паказаўшы як шмат можна зрабіць разам. Фестываль зноў збярэ сяброў у наступным годзе ў іншай вёсцы раёна.