14 верасня ў “Дыпсэрвіс-Холе” ў Мінску адбылося заключнае ўшанаванне беларускіх талентаў, ініцыятыў і дасягненняў, якое адзначае завяршэнне дзвюх стыпендыяльных праграм пад назвай OESS (Стыпендыяльная праграма “Адкрытая Еўропа”) і ESSYB (Еўрапейская стыпендыяльная праграма для маладых беларусаў).
Пачынаючы з 2011 г. ЕС прапанаваў 300 юным беларусам стыпендыі для навучання па ўласным меркаванні ў 250 акрэдытаваных вышэйшых навучальных установах Еўропы – у асноўным, у такіх галінах, як права, эканоміка, сацыяльныя навукі, прадпрымальніцтва, прыродазнаўчыя навукі, ахова здароўя і інжынерная справа. Стыпендыяльная праграма рэалізоўвалася Саветам міністраў паўночных краін у цесным супрацоўніцтве з Прадстаўніцтвам ЕС у Мінску ў перыяд з 2011 па 2018 гады.
Прапануючы якасную вышэйшую адукацыю маладому пакаленню беларусаў, ЕС стварае аснову для далейшага развіцця беларускага грамадства. Стыпендыяльная праграма была нацэленая на вяртанне студэнтаў у Беларусь пасля заканчэння навучання – і, такім чынам, на ўнёсак у мадэрнізацыю Беларусі. І сапраўды, выпускнікі даказалі сваю адданасць удзелу ў развіцці Беларусі ў якасці навукоўцаў, даследчыкаў, адвакатаў-праваабаронцаў або спецыялістаў грамадскіх, дзяржаўных арганізацый або прыватных кампаній.
Сёлета праграма змагла падтрымаць 15 распрацаваных выпускнікамі праектаў развіцця на агульную суму 50 тысяч еўра. Выпускнікі атрымалі да 4500 еўра для рэалізацыі самастойна распрацаваных праектных ідэй у розных галінах, такіх як жаночае лідарства, гендарная роўнасць, дэмакратыя, правы чалавека, СМІ, кіраванне адходамі і турызм.
Для забеспячэння ўстойлівасці стыпендыяльнай праграмы і падтрымання цесных сувязяў паміж маладымі беларусамі выпускнікамі ESSYB сёлета быў створаны форум “Выпускнікі міжнародных ВНУ ў Беларусі”. Асноўная мэта форуму заключаецца ў аб’яднанні беларусаў, якія маюць досвед навучання за мяжой, пашырэнні сеткі прафесійных кантактаў і прадстаўленні пляцоўкі для сустрэч сяброў, калег і партнёраў.
На заключным мерапрыемстве, якое ўключае сустрэчу выпускнікоў і выпускны вечар, прысутнічала 150 удзельнікаў, уключаючы выпускнікоў і членаў іх сем’яў, прадстаўнікоў СМІ, паслоў і дзяржаўных чыноўнікаў. З прывітальным словам да прысутных звярнулася Хелен Нэльсан, Дырэктар Бюро Савета міністраў паўночных краін у Літве. Затым з асноўным дакладам на тэму “Як стаць паспяховым: будучыя кампетэнцыі і патрабаванні ў Беларусі і свеце” выступіў Старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка. Выступ дапоўнілі панэльныя абмеркаванні і наступная сесія пытанняў і адказаў, якую мадэраваў журналіст Юрый Дракахруст. Акрамя асноўнага выступоўцы Віктара Бабарыкі ў панэлі ўзялі ўдзел прафесар Юлія Чарняўская з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і выпускніца OESS Каця Лысёнак, якая ў дадзены момант працуе ў кампаніі “Google” на пасадзе Старэйшага менеджара ўліковых запісаў. Пасля панэльных дыскусій на тэмы па ўласным выбары выступілі сем стыпендыятаў. Мерапрыемства завяршылася заключнай выпускной цырымоніяй, якую адкрыла Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Андрэа Віктарын. Усе маладыя людзі – нядаўнія выпускнікі праграмы - атрымалі дыпломы за свае дасягненні.
18.09.2018