image2 21.11.2018

ЕІБ упершыню прадастаўляе падтрымку Беларусі – на развіццё інфраструктуры водазабеспячэння і прыватнага сектара

Рэспубліка Беларусь і Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) пачынаюць новую эру супрацоўніцтва, падпісваючы дамовы аб прадастаўленні першых крэдытаў гэтай краіне банкам ЕС. Крэдыты на агульную суму каля 160 млн еўра накіраваны на галіны і праекты, якія як Еўрапейскі саюз, так і Рэспубліка Беларусь лічаць асноўнымі для стымулявання інвестыцый у сацыяльную і эканамічную інфраструктуру, развіццё прыватнага сектара і барацьбу са зменай клімату.

• Банк ЕС прадастаўляе «Мінскводаканалу» 84 млн еўра для фінансавання рэканструкцыі і мадэрнізацыі цэнтральнай ачышчальнай станцыі сталіцы.

• Каля 200 малых і сярэдніх прадпрыемстваў скарыстаюцца рэсурсамі двух крэдытаў, прадастаўленых Белаграпрамбанку (50 млн еўра) і Беларусбанку (25 млн еўра).

2011GPN_9872.JPG

Першы крэдыт у памеры 84 млн еўра будзе накіраваны на мадэрнізацыю водаачышчальных збудаванняў, якія абслугоўваюць каля 2 мільёнаў грамадзян у сталіцы Беларусі – г. Мінск. Сродкі ЕІБ будуць выкарыстаны для мантажу новых установак для папярэдняй апрацоўкі і новых аэрацыйных бакаў для біялагічнай ачысткі, ультрафіялетавай дэзінфекцыі ачышчанай вады і апрацоўкі асадку сучаснымі метадамі. Інвестыцыі станоўча адаб'юцца на энергаэфектыўнасці, стане навакольнага асяроддзя і паўсядзённым жыцці людзей. Гэты праект будзе фінансавацца сумесна з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), а таксама будзе падтрыманы грантам у памеры 1 млн еўра ад мультыдонарскага інструмента «Траставы фонд тэхнічнай дапамогі Усходняга партнёрства» (EPTATF).

2011GPN_0031.JPG

Крэдыты ЕІБ малым прадпрыемствам, якія прадстаўляюцца праз Белаграпрамбанк і Беларусбанк, будуць спрыяць рэалізацыі інвестыцыйных праектаў і задавальняць патрэбы прадпрыемстваў прыватнага сектара Беларусі ў зваротным капітале. Гэта будзе спрыяць умацаванню прыватнага сектара і эканамічнай дыверсіфікацыі, што асабліва важна ў Беларусі, дзе буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы па-ранейшаму дамінуюць у нацыянальнай эканоміцы. Банк ЕС аб'ядноўвае свае намаганні з Беларусбанкам і Белаграпрамбанкам – двума банкамі, якія маюць глыбокія веды пра беларускі рынак і значныя планы па пашырэнні крэдытавання малых прадпрыемстваў. Паводле ацэнак, прыкладна 200 МСП будуць ахоплены гэтым фінансаваннем, што павінна дапамагчы захаваць больш за 2500 працоўных месцаў. Гэтыя крэдыты прадастаўляюцца ў рамках ініцыятывы EU4Business, арыентаванай на больш дробныя прадпрыемствы ў краінах Усходняга партнёрства.

2011GPN_9988.JPG

Падпісанне пагадненняў адбылося з нагоды першага візіту віцэ-прэзідэнта ЕІБ Аляксандра Стуба ў Беларусь з моманту ўступлення ў сілу Рамачнага пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і ЕІБ у жніўні 2017 года.

Віцэ-прэзідэнт ЕІБ Аляксандр Стуб так пракаментаваў гэтую падзею:
– Сёння знакавы дзень для Еўрапейскага саюза і Рэспублікі Беларусь – мы вітаем Беларусь у сям'і краін Усходняга партнёрства, якія атрымліваюць падтрымку ад банка ЕС. Нашы дзеянні садзейнічаюць эканамічнаму развіццю краіны, паглыбленню супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам і паляпшэнню ўмоў жыцця беларускіх грамадзян. Падпісаныя праекты з'яўляюцца добрымі прыкладамі гэтага: яны спрыяюць паляпшэнню стану навакольнага асяроддзя і павышэнню канкурэнтаздольнасці кампаній прыватнага сектара, якія з'яўляюцца рухавіком устойлівага росту і стварэння працоўных месцаў.

2011GPN_9865.JPG

Кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын заявіла:
– Сённяшняе мерапрыемства з'яўляецца значнай падзеяй у адносінах паміж ЕС і Беларуссю. ЕС не толькі павялічыў агульны аб'ём дапамогі, але і пашырыў спектр даступных інструментаў для сумеснага супрацоўніцтва. Гэта тычыцца як праграмных дзеянняў, так і абгрунтаваных інвестыцый у ўстойлівае развіццё інфраструктуры і прыватнага сектара. З гэтага моманту Беларусь будзе атрымліваць крэдытаванне ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка на карысць грамадзян і экалогіі.

2011GPN_9830.JPG

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас сказаў:
– Беларусь разлічвае на рэалізацыю знакавых праектаў з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Упэўнены, што 2019 год у супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам будзе вельмі плённым, будзе створаны неабходны падмурак для ўстанаўлення даверных партнёрскіх адносін. Са свайго боку, хачу вас запэўніць, што Беларусь заўсёды адкрыта для канструктыўнага дыялогу з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Спадзяюся, што ў будучыні нас чакае шмат знакавых і амбіцыйных праектаў.

2011GPN_9598.JPG

Для даведкі:

ЕІБ, з'яўляючыся найбуйнейшым у свеце шматбаковым пазычальнікам і крэдыторам па аб'ёме, прадастаўляе фінансавыя і экспертныя веды для абгрунтаваных і ўстойлівых інвестыцыйных праектаў, якія спрыяюць дасягненню мэтаў палітыкі ЕС. Больш за 90% дзейнасці ЕІБ засяроджана на Еўропе, але Банк таксама падтрымлівае ЕС у пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі развіцця.

ЕІБ фінансуе праекты ў Беларусі на падставе Знешняга крэдытнага мандата ЕС. Гэта дае ЕІБ гарантыі, забяспечаныя бюджэтам ЕС, у праектах, якія прадстаўляюць значную цікавасць для ЕС і яго Усходніх суседзяў у сферы развіцця сацыяльнай і эканамічнай інфраструктуры і мясцовага прыватнага сектара і барацьбы са зменай клімату.

Траставы фонд тэхнічнай дапамогі Усходняга партнёрства (EPTATF) – гэта мультыдонарскі і шматгаліновы інструмент фінансавання для прадастаўлення канкрэтнай тэхнічнай дапамогі ў краінах Усходняга партнёрства: Арменіі, Азербайджане, Беларусі (са жніўня 2017 года), Грузіі, Малдове і Украіне. Ён дае гэтым краінам ноу-хау і рэсурсы для нарошчвання патэнцыялу ў галіне падрыхтоўкі і ажыццяўлення праектаў, што спрашчае задачу прыцягнення фінансавання для падтрыманых ЕІБ інвестыцый. EPTATF забяспечвае высокі ўзровень даданай вартасці, таму што паляпшэнне працэдуры падрыхтоўкі праекта павышае інвестыцыйную прывабнасць праектаў і, як чакаецца, узмацніць эфект спрыяння развіццю, які атрымоўваецца ад інвестыцый у краінах-бенефіцыярах.

Усходняе партнёрства было створана ў 2009 годзе як сумесная ініцыятыва ЕС, яго дзяржаў-членаў і шасці еўрапейскіх партнёраў – Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Гэта ключавы элемент Палітыкі суседства ЕС. ЕІБ асабліва актыўны ў шматбаковым вымярэнні Партнёрства, ажыццяўляючы найважнейшыя інвестыцыі ў прыярытэтныя галіны, такія як транспарт, энергетыка (у тым ліку энергаэфектыўнасць), барацьба са зменай клімату, доступ да фінансавання для МСП і інавацыйная дзейнасць. Да канца 2017 года аб'ём крэдытавання ЕІБ ва Усходнім партнёрстве дасягнуў 8 млрд еўра. Гэтыя сродкі былі накіраваны на фінансаванне каля 90 інвестыцыйных праектаў і адкрыццё крэдытных ліній для падтрымкі МСП ў рэгіёне.