Інклюзіўны фестываль "INФЕСТ" пройдзе 18 жніўня ў Налібоцкай пушчы, у Валожынскім раёне на сцежцы "Белакорэц". Фестываль з'яўляецца часткай праекта "Валожын без бар'ераў", які накіраваны на стварэнне даступнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю.
У рамках праекта "Валожын без бар'ераў" экалагічная сцежка "Белакорэц" была абсталявана інфармацыйнымі стэндамі, даступнымі для невідушчых людзей і людзей з мэнтальнымі асаблівасцямі. Спецыяльнае пакрыццё і альтанкі з пандусамі робяць сцежку зручнай для людзей, якія перасоўваюцца на калясцы. А дапамагаць ўладкоўваць і ўпрыгожваць інклюзіўную прастору для фестывалю будуць ўдзельнікі і валанцёры інтэграцыйнага лагера, які пройдзе тут жа з 14 па 18 жніўня.
На фестывалі "INФЕСТ" будуць прадстаўлены прэзентацыі і стэнды грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, якія займаюцца правамі людзей з інваліднасцю. Фестываль будзе складацца з некалькіх тэматычных зон. Падчас працы Арт зоны можна будзе наведаць дзіцячы тэатр, воркшопы і майстар-класы па ганчарнай справе і вырабу цацак. Наведвальнікі Спорт-зоны змогуць прапрактыкавацца ў інклюзіўнай ёге і спартыўных танцах, даведацца, як працуе ручной ровар і пагуляць у настольныя гульні.
Завершыцца фестываль выступамі вядомых беларускіх музычных гуртоў: Akute,: B: N :, Разбітае сэрца пацана і Tomato Jam.
На працягу ўсяго фестывалю будзе працаваць Фудкорт, дзе будзе магчымасць пачаставацца прадукцыяй мясцовых аграсядзібаў, вегетарыянскай ежай ад "Monkeyfood" і дэсертамі ад "Еда единорогов".
Змены ў Валожынскім раёне адбываюцца дзякуючы праекту "Валожын без бар'ераў", які рэалізуецца Валожынскім раённым выканаўчым камітэтам, Мясцовым фондам садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва "Інтэракцыя", Грамадскім аб'яднаннем "Беларускае таварыства інвалідаў", Беларускім грамадскім аб'яднаннем "Адпачынак у вёсцы". Практ фінансуецца Еўрапейскім саюзам.
