image2 23.10.2018

У Мінску прайшла першая сустрэча Клуба Пагаднення мэраў

17 кастрычніка 2018 года ў Мінску адбылася Першая сустрэча Клуба Пагаднення мэраў. Каля 40 прадстаўнікоў мясцовых органаў улады і грамадскіх арганізацый гарадоў-падпісантаў Пагаднення мэраў па клімаце і энергіі сабраліся разам, каб зацвердзіць Палажэнне аб дзейнасці Клуба, пазначыць сумесную стратэгію і план працы Клуба на наступны год, а таксама абраць старшыню Клуба.

Па выніку сустрэчы ўдзельнікі Клуба выбралі на ролю старшыні прадстаўніка самага актыўнага і дасведчанага горада-падпісанта, а менавіта першага намесніка старшыні Полацкага раённага выканкама Сяргея Лейчанку. Полацку сапраўды ёсць чым пахваліцца: у 2011 годзе ён стаў першым падпісантам Пагаднення мэраў у Беларусі, першым правёў у сябе Дні энергіі і арганізуе іх штогод на працягу 6 гадоў, адным з першых гарадоў Беларусі атрымаў фінансаванне на энергаэфектыўныя праекты ад Еўрапейскага саюза і стаў развіваць гарадскую мабільнасць.

Удзел у Клубе дапаможа гарадам абменьвацца перадавымі практыкамі па ўстойлівым энергетычным развіцці і клімаце, распрацоўваць і рэалізоўваць сумесныя праекты ў дадзеных сферах, разам шукаць магчымасці прыцягнення грантаў, інвестыцый і крэдытных рэсурсаў.

Ідэя стварэння Клуба была прапанаваная ўдзельнікамі першай нацыянальнай канферэнцыі Пагаднення мэраў па клімаце і энергіі ў Беларусі, якая праходзіла ў 2017 годзе ў Вілейцы. На падставе атрыманых прапаноў Структуры падтрымкі Пагаднення мэраў – фонд “Інтэракцыя” і МГА “Экапартнёрства” – распрацавалі праект палажэння аб Клубе і прапанавалі далучыцца гарадам-падпісантам ініцыятывы.

Каардынатар праектаў аддзела праграм супрацоўніцтва прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Алена Ракава і намеснік начальніка аддзела навукова-тэхнічнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязяў Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Уладзімір Шаўчонак пажадалі клубу ўстойлівасці, узаемадапамогі і развіцця.

Клуб Пагаднення мэраў будзе працаваць пры спрыянні праектаў “Пагадненне мэраў – Усход” і “Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі”, што фінансуюцца Еўрапейскім саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy.

У цяперашні час у Беларусі больш за 45 гарадоў далучыліся да еўрапейскай ініцыятывы “Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі” і ўзялі на сябе добраахвотныя абавязацельствы скараціць выкіды парніковых газаў на 30% да 2030 года.