Размовы пра роль жанчын у беларускім грамадстве звычайна праходзяць горача. Адны перакананыя, што з правамі жанчын усё добра. Іншыя, наадварот, упэўненыя, што Беларусь стаіць толькі ў пачатку шляху да гендарнай роўнасці і на жанчын дагэтульціснуць пэўныя чаканні з боку грамадства.
У гэтым матэрыяле мы знаёмім вас з гераінямі, якія разбіваюць гендарныя стэрэатыпы і дасягаюць поспеху ў асабістым жыцці і прафесійных сферах, шмат у чым пры дапамозе фінансуемых ЕС праектаў і праграм.


Аляксандра Чычыкава пра стэрэатыпы вакол людзей з інваліднасцю
Аляксандра стала імгненна вядомая на ўсю краіну, калі ў кастрычніку 2017 года перамагла на конкурсе “Міс свету на інвалідным вазку”. Яе выпадак натхніў беларускае грамадства і звярнуў увагу на праблемы людзей з інваліднасцю.
“Я вырашыла ўдзельнічаць у конкурсе спантанна”, узгадвае Аляксандра. “Гэта не конкурс прыгажосці, як звычайна лічаць у нас. Гэты конкурс – магчымасць разбурыць стэрэатыпы ў дачыненні да дзяўчын на вазках. Самі ўдзельніцы могуць паверыць у сябе, конкурс даеім сілы на развіццё, дае магчымасць зразумець, што яны нічым не саступаюць звычайным дзяўчынкам без вазкоў”.
Пры падрыхтоўцы да конкурса Аляксанда сабрала сапраўдную каманду з “Місіс Зямны шар – 2017” Святланай Кузняцовай, дызайнеркай Екацярынай Цікотай і іншымі. “Калі я зрабіла пост у Facebook, што стала фіналісткаю і еду ў Варшаву, шмат хто пачаў адгукацца і дапамагаць”, кажа Аляксандра.



Праект МОСТ, які накіраваны на пашырэнне кантактаў паміж маладымі беларускімі прафесіяналамі ды іх калегамі з краінамі ЕС, таксама падтрымаў каманду Аляксандры з арганізацыяй паездкі ў Варшаву. Гэта дапамога аказалася дарэчы: “Я адчула сілу, што я не адна і людзі дапамогуць”.
З 2016 года Аляксандра прасоўвае актыўны вобраз жыцця людзей з інваліднасцю. “Пасля конкурсу атрымліваю шмат увагі ад СМІ, розных арганізацый. Але, калі хочаш, каб нешта змянілася ў жыцці, то ў першую чаргу ўсё залежыць ад цябе, у якім накірунку ты рухаешся”, упэўненая Аляксандра. “Я імкнуся, каб маё жыццё змянялася ў станоўчы бок кожны дзень”.
Маргарыта Лазарэнкава пра развіццё крэатыўных індустрый
Маргарыта Лазарэнкава цалкам пагружана ў развіццё крэатыўнай эканомікі ў краіне. Яна пачала са стварэння крэатыўнай прасторы “Балкі”, а цяпер ладзіць ранішнія матывацыйныя сустрэчы “Creative Mornings” і развівае сваю НДА.
“Creative Belarus” узнікла на хвалі стварэння падобных арганізацый па ўсім свеце: у Эстоніі, Грузіі, Шатландыі. “Мяне вельмі натхняе, якіх вынікаў яны дасягнулі ў сваіх краінах”, кажа Маргарыта. “Там аб крэатыўных індустрыях кажуць на дзяржаўным узроўні. Калі міністэрствы культуры супрацоўнічаюць з міністэрствамі эканомікі. У гэтыя працэсы ўцягваецца разумная моладзь, застаецца ў сябе дома, а не з’язджае. Хочацца нешта падобнае стварыць і ў Беларусі”.







Праграма ЕС і Усходняга партнёрства “Культура і крэатыўнасць”, якая скончылася ў студзені 2018, была скіраваная на папулярызацыю і падтрымку крэатыўных індустрый у Еўропе.Маргарыта ўдзельнічала ў Праграме ў якасці лакальнага эксперта па накірунку “Крэатыўныя гарады і рэгіёны”.
“Гэта было дзіка крута! Асабліва вопыт працы ў міжнароднай камандзе экспертаў. Я зразумела, як правільна данесці інфармацыю пра Беларусь”.
Для Маргарыты адна з асноўных перавагаў працы ў сферы крэатыўных індустрый – гэта разнастайнасць вопыту. “Адзін дзень я магу быць дызайнеркай, у другі – копірайтарам, у трэці – рабіць сайт. Штодня я абіраю новую прафесію”.
“Першыя два гады бацькі запытваліся, калі я знайду працу. Цяпер жа я ім скідваю артыкулы са СМІ, каб яны разумелі, чым я займаюся”, кажа Маргарыта.
Людміла Антаноўская пра тое, як маленькая кампанія з Беларусі канкуруе з сусветнымі гігантамі
Людміла Антаноўская выдатна разбурае стэрэатыпы ўсіх, хто лічыць, што жанчыны і бізнес – рэчы несумяшчальныя. Яна кіруе адразу некалькімі кампаніямі, уваходзіць у ТОП-100 паспяховых бізнесоўцаў Беларусі (№65, лепшы паказчык сярод жанчын) і паспявае гадаваць дваіх дзяцей.
Яе асноўная кампанія – холдынг “Полімастер” – уваходзіць у сусветныя лідары ў сферы абсталявання для радыяцыйнага кантролю і маніторынгу. У сваёй працы ёй прыходзіцца канкураваць з мільярднымі карпарацыямі, але ў кампаніі Людмілы гэта добра атрымліваецца.
Сакрэт эфектыўнасці просты: “Мяне матывуе пачуццё адказнасці і сіла волі. Я адчуваю адказнасць перад усімі супрацоўнікамі кампаніі, якім ствараю ўмовы для творчай самарэалізацыі, дзе яны зарабляюць на жыццё”. І дадае: “Мне падабаецца, місія “Полімастер” – ратаваць людзям здароўе і жыццё”.




Унёсак у поспех “Полімастер”зрабіў і Еўрапейскі Саюз разам з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Кампанія Людмілы прыняла ўдзел у праграме падтрымкі малога бізнеса, дзякуючы якой “Полімастер” распрацаваў доўгатэрміновы бізнес-план і здолеў прыцягнуць дадатковыя інвестыцыі на $ 1,2 млн.
“Разам з кансультантам мы распрацоўвалі місію кампаніі, бачанне і доўгатэрміновы план. Гэты двухгадовы праект атрымаўся даволі насычаным і складаным, але ён дадаў нам асэнсаванасці, сфармаваў дакладнае бачанне мэтаў”, кажа Людміла.
Вынікі супрацы ўражваюць: праз год пасля сканчэння праекту абарот вырас на 31%, а колькасць супрацоўнікаў – на 50%.
Людміла ўпэўнена, што жанчын у беларускім бізнесу было б больш, калі б не культурныя стэрэатыпы ў грамадстве: “У склаўшымся менталітэце, жанчыны нясуць вялікую сацыяльную нагрузку. Калі жанчына хоча рэалізавацца, ёй прыходзіцца жыць як бы два жыцці: быць яшчэ ахоўніцай ачага і маці, пры гэтым весці бізнес і нешта ствараць. Таму жанчын у бізнесе, у іншых актыўных сферах, не так і шмат. Ім рана ці позна прыходзіцца абіраць, дзе яны. Калі б наша культура была бліжэй да Швецыі і Нарвегіі, жанчыны былі бы больш самарэалізаванымі. Кваліфікацыі і адукацыі жанчынам хапае!”
Настасся Янчэўская пра прасоўванне роварнага руху ў краіне
Настасся Янчэўская кіруе Мінскім роварным таварыствам – самай буйной і ўплывовай супольнасцю раварыстаў у краіне. Цяпер арганізацыя разам з Цэнтрам экалагічных рашэнняў працуюць над вялікім праектам па развіцці роварнага руху ў Беларусі, які фінансуецца ЕС.






Дзякуючы праекту, Настасся з калегамі пачала працаваць з рэгіянальнымі супольнасцямі і не абмяжоўваецца больш Мінскам. Яны ладзяць адукацыйныя мерапрыемствы, летнікі, канферэнцыі. Дапамагаюць распрацоўваць канцэпцыі развіцця роварнага руху для рэгіянальных цэнтраў, запрашаюць у краіну міжнародных экспертаў.
“Раней мы былі адзінкавымі актывістамі, а цяпер у нас вялікая каманда з дзевяці чалавек. Мы вучымся менеджменту, эфектыўнаму наладжванню камунікацыі, партнёрскіх сувязяў”.
Зусім іншы маштаб задач не толькі ставіць выклікі перад Насцяй, але і натхняе: “Больш за ўсё мне падабаецца, што ў праекце мы ствараем нефармальную сетку роварных ініцыятыў Беларусі. Калі аказваецца, не ты адзін хвалюешся за роварны рух у краіне, а вас ужо 50 чалавек. Вельмі крута атрымліваць зваротную сувязь, бачыць, як у людзей загараюцца вочы.”
Настасся не проста прасоўвае роварны рух, але імкнецца натхняць жанчын часцей карыстацца гэтым відам транспарту.



“У нас жанчын-раварыстак будзе 10%, а то і менш”, тлумачыць яна. “Я лічу, такая сітуацыя адлюстроўвае кепскі стан развіцця інфраструктуры, бо калі на ровары катаюць пераважна мужчыны — гэта значыць альбо роварных сцежак мала, альбо яны не дастаткова бяспечныя. У Заходняй Еўропе, дзе паказчыкі камфорту і бяспекі іншыя, колькасць мужчын і жанчын-раварыстаў амаль аднолькавая”.
Але дзякуючы намаганням роварнага таварыства, сітуацыя спакваля пачынае змяняцца: “Пару гадоў было яшчэ горш. Калі я села на ровар, у Мінску было 2 жанчыны на 300 мужчын.”
Яўгенія Дубяшчук пра моладзевы абмен, які змяняе жыццё
Яўгенія Дубяшчук працуе перакладчыцай у невялікім выдавецтве, а таксама ўзначальвае адну з самых старых моладзевых арганізацый краіны – “Фіяльту”. Гэты адукацыйны цэнтр працуе ўжо 23 гады, а галоўнай яго мэтай з’яўляецца развіццё крытычнага мыслення ў моладзі, пашырэнне кругагляду, фармаванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі.
Арганізацыя з такім узростам мае ўнікальную атмасферу: “У нас ёсць цэлыя пакаленні людзей, якія на грамадскіх пачатках працуюць на карысць агульных каштоўнасцяў. З гэтымі людзьмі можна ў любы момант параіцца, запытацца, як усё пачалася і як было раней”.






Перад тым, як стаць дырэктаркай “Фіяльты”, Яўгенія прыняла ўдзел у праекце Еўрапейскай валанцёрскай службы, частцы праграмы Erasmus+.
Такі вопыт адбіўся і на Яўгеніі: “Я зразумела, што маленькія рэчы, якія падаюцца табе нязначнымі, у выніку прыводзяць да чагосьці большага, што ты і не чакаў. Я лепш пазнала сябе, асабліва ў крытычных сітуацыях. Так пачынаеш лепш сябе ацэньваць, робішся больш эфектыўным у сям’і, з сябрамі і калегамі. Гэта дае больш талерантнасці, адкрытасці да кампрамісаў, змяншае катэгарычнасць.”
Пасля праграмы Erasmus+ Яўгенія вярнулася ў Беларусь з новай матывацыяй. Гэтая энергічнасць і паспрыяла новай пасадзе ў “Фіяльце”: “Я не чакала, што мяне абяруць дырэктаркаю. Гэта вельмі прыемна ведаць, што табе давяраюць і вераць, што ты можаш змяніць арганізацыю да лепшага”.
Aўтар: Антон Раднянкоў
Гісторыі пяці беларускіх жанчын былі таксама апублікаваныя на сайце ideaby.org