image2 20.10.2017

У Гродне ўпершыню склалi партрэт веласіпедыстаў і вызначылі, дзе ў горадзе найбольшы велатрафiк

Грамадскае аб'яднанне веласіпедыстаў «ВелаГродна» ўпершыню падлічыла веласіпедыстаў. Цяпер мы маем інфармацыю пра гендэрны баланс сярод веласіпедыстаў і пра колькасць веласіпедыстаў на розных вуліцах Гродна.

IMG_4368.JPG

Падлік праходзіў на працягу верасня. Для падліку было абрана тры часовых адрэзка і 13 кропак у горадзе.

За 50 гадзін падліку міма валанцёраў праехала 1292 веласіпедыстаў, такім чынам можна сказаць, што ў адной кропцы Гродна праязджае ў сярэднім 26 веласіпедыстаў за гадзіну.

IMG_20170925_180632.jpg

- Па некаторых вуліцах веласіпедыст праязджае кожную хвіліну, у менш ажыўленых месцах - раз на дзве хвіліны. І з кожным годам нас становіцца больш, - адзначае старшыня праўлення "ВелаГродна" Юлія Каляда. - Прыйшоў час сур'ёзнага планавання інфраструктуры і распрацоўкі маркетынгавых планаў бізнесу прыязных да веласiпедыстаў.

З агульнай колькасці веласіпедыстаў толькі 15,6% склалі жанчыны. Гэта ўскоснае сведчанне таго, што ў горадзе пакуль няма дастаткова зручнай і бяспечнай інфраструктуры, якая дазваляе выкарыстоўваць ровары жанчынам.

IMG_20171004_143533.jpg

Па прычыне складанай гарадской інфраструктуры большай папулярнасцю ў Гродне карыстаецца горны ровар - 72,4%.

Найбольшая група веласіпедыстаў - гэта хлопцы і дзяўчаты ад 12 да 35 гадоў - 45,5%, дарослая катэгорыя ад 35 да 50 гадоў склала 36%, людзей, старэйшых за 50 гадоў, мы зафіксавалі 9,2%, астатнія 9,3% - дзеці да 12 гадоў.

IMG_20171004_143544.jpg

Шлем у Гродне не з'яўляецца папулярным сродкам абароны ў веласіпедыстаў (4,3%). У большасці яго мелі хлопцы і дзяўчаты спартыўнага стылю вопраткі (6,6%).

Больш падрабязныя дадзеныя даследавання размешчаны на сайце "ВелаГродна".

Падлік веласіпедыстаў у Гродне праводзіўся для распрацоўкі Канцэпцыі развіцця веларуху Гродна і падтрыманы Еўрапейскім саюзам у рамках праекта «Гарадскi веларух ў Беларусі». Мэта праекта спрыянне развіццю гарадскога веласiпеднага руху ў Беларусі дзякуючы  паляпшэнню заканадаўчых, нарматыўных актаў для веласіпеднай інфраструктуры на нацыянальным і рэгiянальным узроўні; павышэнне эфектыўнасці арганізацый у галіне прасоўвання і развіцця веласіпеднай транспартнай сістэмы; забеспячэнне актыўнага ўдзелу мясцовых жыхароў у прыцягненні ўвагі да правоў і магчымасцяў веласіпедыстаў. Праект будзе рэалізаваны ў Беларусі ў 2017-2019 гг. Цэнтрам экалагічных рашэнняў і Мінскім веласіпедным таварыствам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.