Сфера камунальных паслуг традыцыйна з'яўляецца адной з тых, што несупынна абмяркоўваюцца ў грамадстве. Спажыўцы абмяркоўваюць прамашкі ў працы камунальнікаў у сацыяльных сетках, звяртаюцца ў СМІ і завальваюць спецыялістаў ЖКГ скаргамі. Ці можа прадпрыемства ЖКГ палепшыць грамадскую думку пра сваю працу і якія інструменты могуць у гэтым дапамагчы, абмеркавалі на семінары ў Мінску 9 лістапада.
Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі прадпрыемстваў ЖКГ, профільных аддзелаў райвыканкамаў Мінскай і Гродзенскай абласцей, а таксама прадпрыемстваў па перапрацоўцы адходаў.
Галоўнай тэмай мерапрыемства стала стварэнне камунікацыйных стратэгій для прадпрыемстваў ЖКГ, якія дапамогуць павялічыць разуменне людзей аб працы арганізацыі, уплываць на змяненне паводзінаў і спрыяць паляпшэнню іміджу. Спецыяліст па адміністрацыйных і камунікацыйных пытаннях МГА "Экапартнёрства" Анастасія Белая распавяла, якія блокі неабходна ўключыць у камунікацыйную стратэгію, як сфармаваць ключавыя паведамленні для мэтавых аўдыторый і распрацаваць план мерапрыемстваў. Яе дапоўніла прэс-сакратар МГА "Экапартнёрства" Алеся Чумакова, якая дала рэкамендацыі па ўзаемадзеянню са СМІ, стварэнню сайтаў і вядзенню акаўнтаў у сацыяльных сетках. Бурнае абмеркаванне сярод удзельнікаў семінара выклікала прапанова стварыць брэнд для прадпрыемстваў ЖКГ.
Удзельнікі семінара з вуснаў саміх журналістаў пачулі, якія ёсць прапановы і заўвагі па супрацоўніцтве. Напрыклад, журналіст раённай газеты "Іўескі край" Анастасія Шымко адзначыла, што вялікай цікавасцю ў чытачоў карыстаюцца матэрыялы пра рэйды па добраўпарадкаванні і праблемных пытаннях, але супрацоўнікі прадпрыемства ЖКГ не заўсёды хутка рэагуюць на звароты журналістаў. Рэдактар Партала камунальнай граматнасці Ірына Фаміна акцэнтавала ўвагу, што іх рэсурс імкнецца паказаць чытачам, як мага больш станоўчых прыкладаў з працы жыллёва-камунальных службаў і растлумачыць складаныя пытанні.
На семінары таксама былі прадстаўлены розныя прыклады інфармацыйнай працы па пытаннях абыходжання з адходамі і рэсурсазберажэнню ад Брэсцкага смеццеперапрацоўчага завода, Цэнтра экалагічных рашэнняў, МГА "Экапартнёрства" і інфармацыйнага цэнтра аб працы камунальных службаў Вілейкі.
Падчас працы ў групах удзельнікі паспрабавалі вызначыць партрэт мэтавых груп спажыўцоў паслуг ЖКГ, выявіць крыніцы, адкуль яны атрымліваюць інфармацыю, і найбольш хвалюючыя для іх праблемы сферы ЖКГ. Для кожнай з груп удзельнікі фармулявалі ключавыя пасланні, якія неабходна да іх данесці і вызначалі мерапрыемствы, якія дапамогуць гэта зрабіць. Напрыклад, для пажылых людзей удзельнікі прапанавалі адкрыць службу, валанцёры якой рэгулярна будуць тэлефанаваць пажылым людзям і цікавіцца іх стаўленнем да якасці паслуг ЖКГ.
Семінар "Камунікацыйныя стратэгіі. Эфектыўнае ўзаемадзеянне са СМІ" праводзіўся МГА "Экапартнёрства" у рамках праекта "Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай", які фінансуецца Еўрапейскі саюзам.