image2 31.10.2019

HYPERVSN бачыць надзвычайнае ў 3D у Беларусі

Пры падтрымцы ЕС беларускі стартап выводзіць галаграфічныя выявы на масавы рынак.

Тэхналагічная індустрыя Беларусі, якую раней лічылі “сіліконавай далінай” Савецкага саюза, расце хуткімі тэмпамі, заваёўваючы сусветнае прызнанне.

Больш за 30 тысяч маладых дызайнераў і інжынераў актыўна працуюць у сферы тэхналогій у Мінску, горадзе з насельніцтвам прыклдана 2 мільёны чалавек.

Добрым узорам развіцця такіх талентаў з’яўляецца вынік працы заснавальнікаў HYPERVSN, даўніх сяброў Кірыла Чыкеюка і Арцёма Ставенкі. Гэтая кампанія першай прадставіла перадавую тэхналогію HYPERVSN, якая робіць эфект прысутнасці для гледача.

“Мы стварылі першую галаграфічную 3D-сістэму, якая дазваляе людзям ствараць, кіраваць і прадстаўляць відэа, што выглядае так, нібыта плыве ў паветры. Вы можаце запампаваць кантэнт праз Wi-Fi, і вам непатрэбна надзяваць ніякіх прыстасаванняў для яго прагляду”, – тлумачыць спадар Чыкеюк, які стварыў першапачатковую канцэпцыю HYPERVSN падчас даследчай працы ў Оксфардскім універсітэце.

“Хаця тэхнічна – гэта не ўласна галаграма, тут абяртальныя промні ствараюць паверхню, на якой дэманструецца відэакантэнт”, – дадае ён.

Іншымі словамі, пры вярчэнні лопасцей падобнага да вентылятара ротара са святлодыёдамі мігценне лямпачак, якія таксама хутка верцяцца, робіць у гледача ўражанне, што ён бачыць у паветры галаграфічную выяву, хоць яна і не трохмерная.

Гэтая прылада не толькі пасуе для прамоцыі прадукцыі па прымальным кошце. Гэта таксама выдатны інструмент для павышэння пазнавальнасці.

“У сучасным свеце спажывання ўсё цяжэй і цяжэй знайсці шляхі прыцягнуць “скептычную ўвагу” і ўтрымаць яе хаця б настолькі, каб можна было перадаць нейкую інфармацыю. І гэта яшчэ калі пакінуць убаку больш патрабавальную публіку, накшталт маладых пакаленняў”, – кажа спадар Ставенка.

“Мы выклікаем у людзей самыя разнастайныя эмоцыі. Некаторыя захапляюцца, некаторыя сумняюцца, але ўсе яны маюць нешта агульнае: яны не могуць прайсці міма!” – дадае ён.

Ці прыйшоў канец традыцыйным электронным шыльдам?

Дасяжнасць і прастата выкарыстання гэтай тэхналогіі, заснаванай на прынцыпе “ўключай і працуй”, робіць яе выбарам па змоўчанні для прадаўцоў.

У 2017 годзе гэта, яшчэ параўнальна невялікая, з дзясятак супрацоўнікаў, кампанія распачала маштабную вытворчасць, і камерцыйны запуск HYPERVSN стаў рэальнасцю.

Першымі карыстальнікамі галаграфічнай візуальнай сістэмы 3D HYPERVSN сярод іншых былі кампаніі Red Bull, McDonalds і Virgin Media.

У 2018 годзе пры падтрымцы Еўрапейскага саюза ў межах ініцыятывы EU4Business, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця дапамог HYPERVSN у павышэнні кіраўнічай эфектыўнасці, увёўшы інтэграваную сістэму кіравання кліентамі і рэсурсамі прадпрыемства.

Гэта дазволіла павысіць якасць апрацоўкі дадзеных і абмену інфармацыяй у межах асноўных працэсаў Навукова-распрацоўчага цэнтра HYPERVSN, а таксама паспрыяла паляпшэнню кіравання і камунікацыі з пастаўшчыкамі.

Гэта падтрымка паспрыяла павышэнню прадукцыйнасці і павялічыла даходы і чыстыя прыбыткі кампаніі.

Цяпер на стартапе працуюць 150 чалавек, яе прадукцыяй карыстаюцца такія значныя брэнды, як Adidas, Samsung, Coca Cola і Louis Vuitton.

Цяпер кампанія займаецца разпрацоўкай інтэрактыўных галаграм, якія можна будзе выкарыстоўваць у разнастайных сферах, уключаючы адукацыю і медыцыну.

Як з гонарам заяўляе сайт HYPERVSN, “Лепш адзін раз убачыць!”.