Больш за 65 заявак з ідэямі, скіраванымі на паляпшэнне жыцця супольнасцей і людзей у краінах Усходняга партнёрства былі атрыманыя сёлета.
Былі адабраныя 32 выдатныя ідэі, іх аўтараў запрасілі ў Кіеў 24–25 мая на Рэгіянальны ідэяфон – папярэднюю сустрэчу грамадзянскіх актывістаў, дзе яны сустрэліся з куратарамі Хакатону, каб папрацаваць над сваімі праектамі.
Заўзяты раварыст і актывіст Дэніс Раманэску з Малдовы хоча аблегчыць жыццё для раварыстаў у Кішынёве: “Я прыехаў на Ідэяфон з ідэяй мабільнага дастасавання для раварыстаў – інтэрактыўнай мапай роварнай інфраструктуры Кішынёва. Яна будзе змяшчаць маршруты, роварныя крамы, клубы і сэрвісы, – усё тое, што аблягчае жыццё раварыстам. Наша галоўная задача – прасоўваць ідэю роварнага руху ў Малдове і станоўча ўплываць на навакольнае асяроддзе ў нашай краіне. Я спадзяюся, мне ўдасца трапіць на Хакатон, каб ажыццявіць ідэю гэтай мапы з дапамогай распрацоўшчыкаў і дызайнераў”.

Маладая і ініцыятыўная Паліна Пліскоўская з Беларусі хоча заахвоціць людзей да перапрацоўкі смецця і спрабуе распрацаваць гульню, якая ўпэўніць больш людзей раздзяляць смецце: “Спадзяюся, што ўдзел у Хакатоне ў Тбілісі дазволіць мне знайсці выдатную каманду, якая дапаможа распрацаваць мабільнае дастасаванне не толькі для Беларусі, але і для іншых краін, паколькі пытанне раздзельнага збору смецця – гэта глабальная праблема, і мы павінны імкнуцца за Швецыяй, якая перапрацоўвае 99 % смецця”.

Выбар 20 з 32 ідэй, прывезеных на Ідэяфон, быў няпростым. Адабраныя ў выніку праекты ахапілі шмат разнастайных тэм (ад медыцынскіх пытанняў да перапрацоўкі смецця) і падыходаў (ад чат-ботаў да гульняў і краўдфандынгавых платформаў).
Хакатон грамадзянскай супольнасці краін Усходняга партнёрства – 2019 адбудзецца ў Тбілісі 14–16 чэрвеня. Да 20 выбраных у Кіеве грамадзянскіх актывістаў далучацца 40 тэхнічных спецыялістаў і графічных дызайнераў з усяго рэгіёну. Дарэчы, сёлета мы атрымалі амаль 70 заявак ад ІТ-спецыялістаў і дызайнераў, якія жадалі папрацаваць над нашымі лічбавымі рашэннямі / грамадзянскімі тэхналагічнымі ініцыятывамі.
“Хак-каманды” будуць працаваць над стварэннем прататыпаў 20 прапанаваных рашэнняў, прыцягваючы досвед запрошаных выступоўцаў і куратараў, якія даказалі свой досвед удзелам у грамадзянскіх тэхналагічных ініцыятывах, ІТ-стартапах і кансалтынгавых кампаніях.
Напрыканцы Хакатону ўсе ўдзельнікі і куратары прагаласуюць за найлепшае распрацаванае лічбавае рашэнне. Тры ідэі, што набяруць найбольшую колькасць галасоў, будуць намінаваныя на прэмію Еўрасаюза “Пашырэнне лічбавых тэхналогій у грамадзянскай супольнасці” і будуць спаборнічаць за 10 тысяч еўра на поўную распрацоўку і запуск свайго лічбавага механізму.

Больш падрабязная інфармацыя пра ідэі, над якімі будзе весціся праца ў Грузіі, ніжэй:
Арменія
• Медыцынскія дастасаванні: мабільныя дастасаванні па прышчэпках, скрынінгавыя праграмы, здаровы лад жыцця і парады для будучых мам
• Ініцыятыва па стымуляванні сацыяльнага прадпрымальніцтва (SE Lab): вэб-дастасаванні па стварэнні і развіцці сацыяльнага прадпрымальніцтва ў Арменіі, уключна з модулем анлайн-ахвяраванняў.
Азербайджан
• Крыптаахвяраванні: анлайн-платформа па зборы ахвяраванняў у крыптавалюце
• SPENDONATE: мабільнае дастасаванне для размеркавання на дабрачыннасць грошай, заплачаных за тавары/паслугі.
Беларусь
• Caring Lazy Control: чатбот для павышэння інфармаванасці аб механізмах прадухілення раку і самаацэнкі рызыкі ўзнікнення рака ў карыстальнікаў
• Smolevich 2.0: платформа супольнасці для выяўлення і вырашэння лакальных праблем
• TeenJob: вэб-партал для моладзі, якая шукае працу на няпоўны рабочы дзень, стажыроўкі і магчымасці навучання
• RubbiSH: адукацыйная анлайн-гульня па раздзяленні смецця
• MOB Community Mobilizer: мабільнае дастасаванне для невялікіх лакальных супольнасцей для выяўлення і абмеркавання важных праблем, для галасавання за прапанаваныя рашэнні і просьбаў ад дапамозе
• Neighbours’ Quest: анлайн-гульня для мабілізацыі лакальных супольнасцей для невялікіх акцый
• MolaMola.by: платформа для збору ахвяраванняў для асобных грамадзянскіх актывістаў і для невялікіх акцый (спецыяльны падыход).
Грузія
• It’s Never Late: мабільнае дастасаванне для жанчын па сацыяльных сэрвісах з элементамі нарошчвання патэнцыялу
• My Voice: краўдсорсінгвая анлайн-платформа.
Малдова
• Ciclismul Urban Chisinau: інтэрактыўная мапа роварнай інфраструктуры Кішынёва.
Украіна
• Празрыстая арэнда: вэб-платформа для візуалізацыі і аналізу адкрытых дадзеных па арэндных кантрактах для грамадскай уласнасці
• Празрыстая інфраструктура: вэб-платформа для візуалізацыі і аналізу адкрытых дадзеных па грамадска-фінансаваных праектах развіцця інфраструктуры
• Busine$tep: адукацыйная анлайн-гульня для дзяцей па асновах прадпрымальніцтва
• Без глютэну: мабільнае дастасаванне для людзей з непераноснасцю глютэну для інфармавання аб прычынах і рызыках, рэкамендацыях для здароўя, узроўню глютэну ў ежы і інш.
• Муніцыпальны чат-бот для інфармавання і камунікацыі з жыхарамі малых гарадоў, аб’яднаных супольнасцей і г. д. па лакальных праблемах
• Інклюзіўнасць у дзеянні: інтэрактыўная мапа даступнасці грамадскіх месцаў у Адэсе.