image2 01.12.2017

У Кіеве дадзены старт рэалізацыі беларуска-ўкраінскіх трансгранічных праектаў

Больш за 150 чалавек сабрала 29 лістапада ў Кіеве цырымонія падпісання грантавых кантрактаў у рамках фінансаванай Еўрапейскім саюзам Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Беларусь − Украіна. Такім чынам, быў дадзены старт працы 18 зацверджаных раней сумесных трансгранічных праектаў.

Праграма Беларусь − Украіна з’яўляецца часткай больш шырокай Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства (EaPTC). Фінансаванне ЕС беларуска-ўкраінскіх праектаў складае больш за 3 млн. еўра.

Акрамя непасрэдных партнёраў, у цырымоніі падпісання кантрактаў узялі ўдзел прадстаўнікі цэнтральных і мясцовых органаў улады дзвюх краін, Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ва Украіне, Deutsche Gesellschaft für Internationale Zusammenarbeit (GIZ) GmbH, які адмініструе EaPTC, Праграмы падтрымкі EaPTC.

“Праекты трансгранічнага супрацоўніцтва, якія сёння атрымалі пуцёўку ў жыццё, адкрываюць новыя магчымасці, − заўважыла Аксана Грышкевіч, дырэктар дэпартамента дзяржаўных інвестыцыйных праектаў і падтрымкі развіцця Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю Украіны. − Такое супрацоўніцтва ёсць важным элементам Дзяржаўнай стратэгіі рэгіянальнага развіцця Украіны, асноўная мэта якога − стварэнне ўмоў для павышэння канкурэнтаздольнасці рэгіёнаў, забеспячэння іх стабільнага развіцця, высокай прадуктыўнасці вытворчасці і занятасці насельніцтва”.

“Падпісанне грантавых кантрактаў па Праграме тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Беларусь − Украіна − гэта гістарычна значная падзея, да якога мы доўга ішлі, − заявіла Дзіна Ганчарова, дырэктар Цэнтра міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага саюза ў Беларусі. − Аднак напісаць праект і выйграць яго − гэта палова справы: важная яго рэалізацыя і эфектыўныя вынікі. Гэта добрая магчымасць для ўвасаблення сацыяльна-эканамічных ідэй у прыгранічных рэгіёнах. З 18 падпісаных праектаў большасць складаюць скіраваныя на павышэнне якасці жыцця насельніцтва памежных тэрыторый”.

Для Еўрапейскага саюза Праграма тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства з’яўляецца пілотнай, бо ўпершыню шэсць краін ініцыятывы рэалізуюць трансгранічныя праекты без удзелу партнёраў з краін ЕС.

“Гэтая праграма − новая, яна не грунтуецца на папярэднім досведзе. Мы ганарымся тым, што змаглі аб’яднаць высілкі па абодва бакі беларуска-ўкраінскай мяжы, − падкрэсліў Яніс Айзcалніекс, каардынатар сектара «Рэгіянальнае і мясцовае развіццё, дэцэнтралізацыя ўлады» Прадстаўніцтва ЕС ва Украіне. − Трансгранічнае супрацоўніцтва развівае кантакты паміж людзьмі, умацоўвае ўзаемадзеянне паміж мясцовымі суполкамі. Яно з’яўляецца ўнёскам у развіццё ідэнтычнасці рэгіёнаў па абодва бакі мяжы, а таксама палягчае развіццё сацыяльнага капіталу, даверу і ўзаемаразумення паміж супольнасцямі па абодва бакі мяжы. Гэта з’яўляецца важным элементам будаўніцтва Еўропы XXI стагоддзя”.

Тэматычна 18 беларуска-ўкраінскіх праектаў амаль пароўну размеркаваныя паміж трыма прыярытэтамі Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Беларусь − Украіна: паляпшэнне ўмоў жыцця мясцовых суполак; рашэнне праблем навакольнага асяроддзя, занятасці, аховы здароўя і іншых важных для прыгранічных рэгіёнаў сфер; падтрымку культурных, адукацыйных і спартыўных ініцыятыў у абедзвюх краінах.

Cтруктуры і арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў конкурсе праектаў у межах Праграмы Беларусь − Украіна, маглі атрымліваць пры гэтым кансультацыйную дапамогу ад Адміністратара EaPTC (GIZ) і Праграмы падтрымкі EaPTC.

“Супрацоўніцтва ў рамках Праграмы Беларусь − Украіна развіваецца на многіх узроўнях, уключаючы Еўрапейскі саюз, дзяржаўныя органы ўлады, арганізацыі і суполкі, − адзначыла Сабіне Мюлер, рэгіянальны дырэктар GIZ ва Украіне і Рэспубліцы Беларусь. − Паколькі гэта пілотная праграма, то шмат будзе залежаць ад поспехаў рэалізацыі гэтых 18 беларуска-ўкраінскіх праектаў, ад магчымасці прымножыць іх досвед у будучыні. У той жа час праграма не толькі спрыяе развіццю мясцовых органаў улады і няўрадавых арганізацый, але і ўзмацняе патэнцыял іх удзелу ў будучых праграмах ЕС”.

Беларуска-ўкраінскія праекты змогуць і далей атрымліваць дапамогу ад EaPTC. З 27 лістапада па 1 снежня 2017 г. у Кіеве праходзяць трэнінгі для бенефіцыяраў, закліканыя дапамагчы якасна і эфектыўна рэалізаваць трансгранічныя ініцыятывы. Трэнінгі арганізаваныя сумесна Праграмай падтрымкі EaPTC і Адміністратарам праграмы EaPTC (GIZ).

Даведка. Мэтай Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства з’яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва з улікам спецыфікі кожнай тэрыторыі.

Яна таксама накіраваная на развіццё здольнасці дзяржаўных і недзяржаўных органаў суседніх краін разам распрацоўваць і ўкараняць сумесныя прыгранічныя праекты. Агульны ўнёсак Еўрасаюза ў рамках Праграмы EaPTC складае 12,5 мільёнаў еўра.

Усходняе партнёрства − гэта ініцыятыва ЕС, якая рэалізуецца ў шасці краінах Усходняй Еўропы і Паўднёвага Каўказа: Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне. Ініцыятыва накіраваная на развіццё больш цесных адносін паміж ЕС і ўсходнімі партнёрамі, паглыбленне палітычнага супрацоўніцтва і эканамічнай інтэграцыі.

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да Таццяны Дзеравянкінай, эксперта па пытаннях камунікацыі Праграмы падтрымкі EaPTC: tatiana.derevyankina@eaptc.eu

http://www.eaptc.eu

https://www.facebook.com/eaptc.eu

https://twitter.com/EaP_TC

http://www.linkedin.com/groups/EaPTC-5109143