У Кобрыне Брэсцкай вобласці актыўна развіваецца прадпрыемства па вырошчванні і продажы фермерам расады раслін. Зараз стаўку робяць на буякі, але паступова пашыраюць асартымент, каб мець альтэрнатыўныя варыянты. Перыядычна працоўны досвед дае падказкі: напрыклад, для павелічэння даходаў і зніжэння выдаткаў трэба было ўдасканаліць канвеер для рассадкі раслін. Зрабілі!
Некалькі гадоў таму Аляксандр Клімчук разам са сваім сябрам вырашылі заняцца вырошчваннем буякоў. Аднак, даследаваўшы рынак, спыніліся на вытворчасці саджанцаў, якія атрыманы метадам мікракланальнага размнажэння. На практыцы гэта азначае, што новыя расліны ствараюцца штучна на аснове зыходнага ўзору. А гэта значыць, што тронкі, атрыманыя ў лабараторных умовах, з'яўляюцца клонамі ідэальнага асобніка. Расліны «з прабіркі» некалькі тыдняў жывуць у стэрыльных умовах і толькі потым трапляюць у гадавальнік на дарошчванне.
Такі лабараторны метад атрымання расады пры строгім захаванні тэхналогіі дазваляе хутка вырасціць якасны пасадачны матэрыял. Фермер самастойна гадамі размнажае на сваім участку саджанцы раслін, а спецыялісты ў лабараторыі могуць вырасціць гэткую ж колькасць за некалькі тыдняў. Акрамя таго, інавацыйная тэхналогія забяспечвае поўную адпаведнасць расліны патрэбнаму гатунку, дазваляе атрымліваць аднастайны, здаровы, бязвірусны матэрыял. Гэта цэняць пакупнікі, асабліва тыя, для каго вырошчванне ягад - асноўная справа.
— Другая частка нашага прадпрыемства — непасрэдна гадавальнік, дзе расліны перасаджваюць у гаршкі, вырошчваюць і часова падкармліваюць, — расказвае Аляксандр.
На тэрыторыі прадпрыемства знаходзяцца тры вялізныя цяпліцы, пляцоўка для захоўвання раслін, ангар для ўстаноўкі абсталявання і аўтаматызаваная лінія, якая дазваляе хутка перасаджваць невялікія расліны з касет у гаршкі большага памеру. Частка канвеера - машына для набівання гаршкоў глебай з аўтаматычнай падачай угнаенняў, прылада для разметкі, устаноўка для растварэння торфу і глебамяшалка. Абсталяванне было набыта дзякуючы праекту «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.
— Нам тэрмінова было патрэбна гэта абсталяванне, але на дадзены момант мы не маглі сабе яго дазволіць. І тут супрацоўніца перадала мне інфармацыю аб конкурсе прадпрымальніцкіх ініцыятыў, які праводзіўся па Кобрынскім раёне, і мы вырашылі паўдзельнічаць. Нашу заяўку падтрымалі, - кажа Аляксандр. – Новыя звёны ў канвеерным ланцужку непасрэдна ўплываюць на нашу прадукцыйнасць і эканамічны поспех.
Купіць саджанец ў «GoldenBerry» можна на любой стадыі: і маленькі тронак з лабараторыі, і гаршковы асобнік узростам 2-3 гады. Розніца толькі ў кошце: трохтыднёвы тронак каштуе 0,5 долара, расліна з двухлітровага гаршка — у пяць разоў вышэй. Гэта значыць, што складскія запасы саджанцаў з павелічэннем узросту і памераў толькі даражэюць, а мець запасы такіх раслін выгадна.
– Новае абсталяванне збалансавала працу: лабараторыя здольная вырабіць 600 тысяч тронкаў, а ў гадавальніку ўручную паспявалі перасадзіць не больш за 100 тысяч. Палепшаная тэхналагічная лінія дазваляе вырошчваць больш раслін, што дае магчымасць паступова выводзіць з продажу самую танную прадукцыю. Гэта напрамую ўплывае на прыбытак, — разважае суразмоўца. — Акрамя таго, тэхнічныя новаўвядзенні дазваляюць прадпрыемству за паўгода сэканоміць каля 600 тысяч рублёў (каля 250 тысяч долараў) — за кошт механізаваных работ. Я зыходжу з таго, што акупляльнасць новага кампанента нашай лініі - не больш за два сезоны працы.
На прадпрыемстве планамерна рухаюцца да вытворчага паказальніка адзін мільён раслін у год. Мяркуюць, што гэтага будзе дастаткова, каб заняць месца на рынку сярод найбуйнейшых айчынных пастаўшчыкоў ягадных саджанцаў, задаволіць растучы попыт і заставацца эканамічна ўстойлівым прадпрыемствам.
— Безумоўна, можам вырабляць і больш, калі будзе попыт на рынку. Вырабляць больш чым прадаецца няма выгады, працэс мікракланальнага размнажэння вельмі нятанны, – кажа прадпрымальнік.
Аляксандр адзначае: падтрымка праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі дазволіла закрыць адно пытанне, але выявіла іншую патрэбу. У гадавальніку ўжо не хапае месцаў для вырошчвання пасадачнага матэрыялу: новыя аб'ёмы перавышаюць магчымасці існуючага ўчастка, таму заняліся асваеннем новай тэрыторыі.
– Разліковы аб’ём у 600 тысяч раслін мы можам размясціць на адным гектары. Зараз выраўноўваем тэрыторыю, арганізуем сістэму аўтаматычнага паліву, падвядзем сюды электрычнасць — усё гэта дазволіць арганізаваць яшчэ адну рабочую «станцыю», — гаворыць суразмоўца. – З аднаго боку, мы аптымізуем вытворчыя працэсы, выбудоўваем зручную лагістыку, а з другога – клапоцімся пра камфорт нашых супрацоўнікаў (у нас працуюць у асноўным жанчыны). Хто з іх захоча праходзіць па пяць кіламетраў у дзень, пераязджаючы з адной платформы на другую?
Каб забяспечыць устойлівасць бізнесу, каманда «GoldenBerry» ужо асвойвае новыя «батанічныя» гарызонты. Акрамя ягадных культур (чарніц, ажын, бружмеля) тут пачалі вырошчваць саджанцы дэкаратыўных раслін — рададэндранаў і гартэнзій.
— Ад ягад не адмаўляемся, але хацелі падстрахавацца. Цяпер мы стараемся паралельна вырошчваць і іншыя расліны: так мы вывучаем попыт, і фарміруем справядлівую цану на той самы рададэндран. Мы ўжо зразумелі, што рададэндраны карыстаюцца попытам, але яны больш капрызныя, чым буякі, таму трэба павышаць цану на іх, — дзеліцца вопытам Аляксандр. — У той час было тое ж самае з буякамі: калі пачыналі, прапаноўвалі адразу каля 40 відаў, а папулярнымі былі толькі два — тыя, да якіх прывыклі фермеры. У выніку цяпер прадаем гэтыя два і пакідаем яшчэ некалькі для асартыменту. Да некаторых высноў мы прыходзім менавіта шляхам спроб.
У бліжэйшыя гады кампанія плануе стаць адным з лідараў па продажы пасадкавага матэрыялу буякоў у Беларусі. Кажуць, усе шанцы ёсць: і магутнасці дазваляюць, і попыт пастаянна расце. Напрыклад, калі ў 2000 годзе пасяўныя плошчы буякоў у Беларусі складалі менш за 20 га, сёння — каля 2000 га, то ў бліжэйшыя тры гады гэты паказчык, паводле прагнозаў НАН Беларусі, зноў падвоіцца. У якасці перспектыўнага рынку збыту разглядаецца і Расія, адтуль значная частка пакупнікоў саджанцаў.
У бліжэйшы час кампанія таксама нацэлена на паляпшэнне каналаў прэзентацыі брэнда: яны абнаўляюць сайт і развіваюць акаўнт у Instagram. Тут разумеюць, што з павелічэннем аб'ёмаў вытворчасці важна павялічваць аб'ёмы продажаў, а без выкарыстання інфармацыйных тэхналогій прасоўваць брэнд на рынку значна складаней.
Развіццё навуковага прадстаўніцтва садзейнічае дасягненню нацыянальных прыярытэтаў, пазначаных у дзяржаўнай праграме «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва на 2021–2025 гады». Інавацыі і прымяненне навуковых распрацовак дапамагаюць малым прадпрыемствам аптымізаваць вытворчасць за кошт новых рашэнняў, ствараць новыя прадукты і паслугі, развіваць рынкі і павышаць канкурэнтаздольнасць. Развіццё такіх бізнес-мадэляў дазваляе ствараць навукаёмістыя працоўныя месцы, а таксама новыя магчымасці для распаўсюджвання інавацый і больш цеснай інтэграцыі прадпрымальніцтва і навукі для мясцовага развіцця.