Падчас святкавання Дня горада 3 ліпеня ў Мар'інай Горцы ў гарадскім парку жыхары маглі цікава правесці час на спартыўных, забаўляльных і адукацыйных пляцоўках. Адна з іх была прысвечана правільнаму абыходжанню з адходамі.
Тэматычныя заданні былі падрыхтаваныя камандай праекта «Развіццё паслуг у сферы кіравання адходамі для сельскага насельніцтва Пухавіцкага раёна», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Адукацыйная пляцоўка праекта была размешчана недалёка ад увахода ў парк і не магла застацца незаўважанай.
Найбольшую цікавасць у жыхароў выклікала гульня па сартаванні смецця. Яе ўдзельнікам прапаноўвалася правільна рассартаваць па каляровых кантэйнерах розныя адходы. Лёгкае, на першы погляд, заданне ў многіх выклікала цяжкасць, таму што сярод прапанаваных адходаў былі і шпалеры, і фотапапера, і ўпакоўка тэтра-пак, якія на самай справе нельга выкідаць у кантэйнер для паперы. Напрыклад, у Беларусі не перапрацоўваецца ўпакоўка тэтра-пак, таму ўсе скрынкі ад малака, сокаў і іншых напояў трэба выкідаць ў кантэйнер для змешаных адходаў. Эколагі раяць набываць напоі ў шкляной або пластыкавай тары, каб яе можна было перапрацаваць. Нярэдка правільна справіцца з заданнем удзельнікам дапамагалі сябры і бацькі.
Больш сур'ёзным заданнем стала віктарына па пытаннях прадухілення стварэння адходаў і іх перапрацоўцы. Далёка не ўсе дарослыя ўдзельнікі змаглі правільна адказаць, якія адходы падыходзяць для кампаставання ці колькі дрэў ратуе адна тона сабранай макулатуры. У той жа час некаторыя ўдзельнікі віктарыны адзначылі, што практыкуюць на сваіх дачных участках кампаставанне, так як яно дазваляе атрымаць чыстае арганічнае ўгнаенне.
Самыя маленькія наведвальнікі пляцоўкі маглі паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў на тэматыку адходаў або пагуляць у мабільны дадатак Ecokids.
У якасці прызоў для ўдзельнікаў адукацыйнай пляцоўкі арганізатары падрыхтавалі дзіцячыя кнігі і наклейкі. За час працы пляцоўкі ў конкурсах паўдзельнічала больш за 100 чалавек, у асноўным дзеці і іх бацькі.
Даведка: Праект "Развіццё паслуг у сферы кіравання адходамі для сельскага насельніцтва Пухавіцкага раёна" фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Бюджэт праекта складае 391,7 тысяч еўра. Праект рэалізуецца Пухавіцкім райвыканкамам і МГА "Экопартнёрства". Больш інфармацыі аб праекце па спасылцы.