image2 13.08.2018

Людзі з інваліднасцю па зроку пачалі вывучаць мабільны інтэрнэт-банкінг

Навучыць людзей з парушэннямі зроку карыстанню мабільным інтэрнэт-банкінгам – такую задачу паставілі перад сабой аўтары праекта «Вучымся кіраваць фінансамі самі» – спецыялісты Цэнтра паспяховага чалавека. Дадзены міні-праект па адвакатаванні тэмы адукацыі на працягу ўсяго жыцця для людзей з інваліднасцю з'яўляецца часткай праекта “Вучыцца, каб дзейнічаць”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і сафінансуецца DVV International. Кіраўнікі ініцыятывы, самі невідушчыя людзі, вырашылі наглядна прадэманстраваць магчымасці сучасных адаптыўных тэхналогій і навучыць іншых карыстацца мабільнымі банкаўскімі мабільнымі праграммамі і прыўнесці ў жыццё людзей з глыбокімі парушэннямі зроку больш асабістай свабоды і незалежнасці. Для вырашэння пастаўленай задачы было вырашана пачаць з маніторынгу на прадмет даступнасці мабільных банкаўскіх праграм самых папулярных сярод невідушчых людзей банкаў Беларусі і прыцягнення банкаўскіх і фінансавых устаноў да вырашэння пастаўленай задачы.

18 чэрвеня за круглым сталом у Мінску па запрашэнні кіраўніка Цэнтра паспяховага чалавека Міхаіла Антаненка сабраліся прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, камерцыйных банкаў, крэдытна-фінансавай арганізацыі «АРІП», тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва горада Мінска, Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Вынікам сустрэчы стала дамоўленасць аб супрацоўніцтве, адлюстраваная ў выніковай рэзалюцыі і графік правядзення навучальных семінараў у сталіцы і абласных цэнтрах рэспублікі.

Так стартавала першая ў Беларусі навучальная праграма для невідушчых людзей у галіне банкаўскіх тэхналогій. Усяго запланавана правядзенне 8 семінараў. Першы семінар прайшоў у Мінску з 26 па 28 ліпеня. На працягу трох дзён удзельнікі праекта вучыліся пад кіраўніцтвам невідушчага трэнера, у якасці якога выступіў спецыяліст па адаптыўных камп'ютэрных тэхналогіях Цэнтра паспяховага чалавека Аляксандр Севярын, самастойна без зрокавага кантролю ўсталёўваць і наладжваць банкаўскія мабільныя праграмы, знаёміліся з асновамі бяспекі пры ажыццяўленні плацяжоў у віртуальнай банкаўскай прасторы, адкрывалі «дрэва АРІП», вучыліся кіраваць рахункамі і ўкладамі.

Да свету мабільнага інтэрнэт-банкінгу яшчэ трэба будзе далучыцца людзям з інваліднасцю па зроку ў абласных цэнтрах. Таксама кожны можа атрымаць онлайн-кансультацыі ў Цэнтры паспяховага чалавека па выкарыстанні мабільнай банкаўскай праграмы без зрокавага кантролю. Акрамя таго, усе ўдзельнікі праекта атрымаюць навучальныя матэрыялы ў адаптыўным фармаце: аўдыёфайл і дапаможнік, надрукаваны шрыфтам Брайля.

Па словах кіраўніка праекта Міхаіла Антаненка, усё, што здавалася раней немагчымым для невідушчых людзей, можа стаць дасяжным. Неабходна проста пажадаць жыць па-новаму, адкрываць для сябе новыя магчымасці і пашыраць межы тэрыторыі асабістай свабоды.

Жадаючыя прыняць удзел у навучальных семінарах, а таксама атрымаць аддаленую кансультацыю могуць звярнуцца ў «Цэнтр паспяховага чалавека» па тэлефонах: + 375 17 203 07 09, +375 29 739 25 14 (Аляксандр Севярын), +375 29 625 38 12 (Марына Панкратава).