29 верасня для мінскіх і гомельскіх СМІ адбыўся прэс-тур, арганізаваны Прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў Беларусі. Журналісты пабывалі ў Гомелі на адкрыццё Цэнтра, дружалюбнага падлеткам, “Падлетак” і пазнаёміліся ва Уваравічах (Буда-Кашалёўскі раён) з ініцыятывамі праекта “Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у Беларусі.
Гомельскі цэнтр “Падлетак” створаны на базе Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай паліклінікі ў рамках праекта ЕС-ААН Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь (БЕЛМЕД). Яго кошт склаў каля 9000 долараў ЗША. На гэтыя грошы было набытае медыцынскае абсталяванне, мэбля, камп’ютарная тэхніка. У рамках праекта БЕЛМЕД падобныя цэнтры ўжо адкрыліся ў Гомелі, Оршы, Гродне і Магілёве, яшчэ два з’явяцца ў Кобрыне і Лідзе. “Падлетак” стане часткай сеткі з 55 Цэнтраў, дружалюбных падлеткам, якія працуюць па ўсёй краіне пад эгідай Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) і прапануюць усебаковую медыцынскую і псіхалагічную дапамогу па праблемах падтрымання і ўмацавання здароўя з улікам спецыфікі падлеткавага ўзросту.
У цырымоніі адкрыцця цэнтра і прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Наталля Жукава, Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын, Прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь доктар Рашэд Мустафа Сарвар, намеснік старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Прывалаў, іншыя высокія госці.
У другой палове дня журналісты пабывалі на адкрыцці спартыўнага гарадка (мясцовая ініцыятыва “Уваравічы – sport city”). Ініцыятыва рэалізаваная ў рамках праекта “Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН. У гарадскім пасёлку Уваравічы створаныя тэрыторыя адпачынку (спартыўны комплекс для дзяцей, каруселі, гушкалкі-балансір), тэрыторыя актыўнага спартыўнага адпачынку з бегавымі дарожкамі, баскетбольнай і гандбольнай пляцоўкамі, дарожкамі для заняткаў скандынаўскай хадзьбой і пешых прагулак. У афіцыйным адкрыцці спартыўнага гарадка ўзяў удзел намеснік Пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Рэспубліцы Беларусь Закарыя Тэйлар.
Госці таксама пабывалі ў гасцях у іншай ініцыятывы праекта “Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні” – аматарскага аб’яднання па ткацтве “Адродзім ручнік разам”. Ініцыятыва накіравана на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і павышэнне турыстычнага патэнцыялу раёна. Пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза закуплены ткацкія, дрэваапрацоўчыя станкі, лазернае абсталяванне для абсталявання цэнтра ткацтва і творчай майстэрні. Цяпер майстры дэкаратыўна-прыкладнай творчасці змогуць ствараць тут ручнікі, паясы, дэкаратыўныя драўляныя вырабы з тканымі элементамі. У цэнтры таксама прадстаўленая экспазіцыя народнага ткацтва Буда-Кашалёўскага раёна, размешчаныя экспанаты, атрыманыя ў падарунак ад мясцовых жыхароў.
На пастаяннай аснове тут будуць праводзіцца майстар-класы па ткацтве, арганізавана навучанне работнікаў культуры асновах ткацтва. Завяршыўся прэс-тур візітам у Цэнтр моладзевых ініцыятыў на базе Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна.