Аб'яднаўшыся ў друкарны кластар мясцовыя прадпрымальнікі павысілі сваю канкурэнтаздольнасць і стварылі новыя працоўныя месцы ў раёне.
Аляксандр Марчанка, каардынатар ініцыятывы «Кластарная кааперацыя прадпрымальнікаў, якія аказваюць паліграфічныя і спадарожныя паслугі «ArtGo»».
Фота: Яна Бондар/ПРААН у Беларусі
Дзякуючы кааперацыі на мясцовым узроўні і фінансавай падтрымцы Еўрапейскага звязу ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці з'явіўся цэнтр аператыўнага друку з інавацыйным абсталяваннем для вырабу высакаякаснай друкаванай рэкламнай, падарункавай і прома-прадукцыі для бізнесаў і прыватных асоб, а таксама сучасная пляцоўка для каворкінгу. Прадпрымальнікі павысілі сваю канкурэнтаздольнасць і стварылі новыя працоўныя месцы ў раёне. Праект рэалізоўваўся Праграмай развіцця ААН у Беларусі ў супрацоўніцтве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.
Аляксандр Марчанка кіруе друкарняй у Хойніках. У паліграфічнай справе ён больш за 10 гадоў і добра разумее, якія складанасці хаваюцца «па абодва бакі» друкарскага станка. Попыт на паслугі якаснай паліграфіі ў рэгіёне быў заўсёды, а тэхнічных магчымасцей задаволіць яго было недастаткова. У адзіночку складана закупіць дарагое абсталяванне, выканаць тэхналагічна складаную або аб'ёмную замову. Каб пераадолець гэтыя складанасці, мясцовыя вытворцы паліграфічнай прадукцыі і прадпрымальнікі, якія працуюць у сумежных сферах, вырашылі аб'яднацца ў паліграфічны кластар. Друкарны цэнтр удзельнікі размясцілі ў рэканструяваным цэху старой друкарні. Аб'яднанне адкрыла для кожнага партнёра новыя магчымасці па пашырэнні спектра паслуг, зніжэнню выдаткаў і павелічэнню выручкі.
Сяргей Бандарэнка, удзельнік кластара. Створаны ўдзельнікамі кластара брэнд #ДРУКУЕМЎСЁ ў поўнай меры адлюстроўвае сутнасць цэнтра.
Фота: Яна Бондар/ПРААН у Беларусі
Перавагі кааперацыі для малога і сярэдняга бізнесу
Фарміраванне і развіццё кластараў, якія забяспечваюць эфектыўную рэалізацыю інавацый ад іх распрацоўкі да знаходжання канкрэтнага спажыўца — важная ўмова для развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў рэгіёнах.
Кластарныя ініцыятывы павышаюць устойлівасць і канкурэнтаздольнасць мясцовай эканомікі праз аб'яднанне рэсурсаў, ведаў, лагістычных ланцужкоў мясцовых бізнесаў для вытворчасці тавараў і паслуг, ствараюць новыя працоўныя месцы, стымулююць бізнес-інавацыі.
Новыя магчымасці ў друкарнай справе
Канкрэтна ў гэтым выпадку праект «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім звязам, дапамог паліграфічнаму кластару набыць сучаснае друкарнае і камп'ютарнае абсталяванне.
— Мы набылі сучасны лічбавы прынтэр для друку банэраў да фармату SRА3 (да 1200 мм) з фатаграфічнай якасцю, — удакладняе Аляксандр.
Цяпер у раёне з'явілася месца з найноўшым абсталяваннем для друку, якое працуе па прынцыпе цэнтра калектыўнага карыстання.
Прадпрымальнікі кластарнай ініцыятывы прадастаўляюць шмат паслуг. Адзін з партнёраў робіць вокладкі кніг, іншы — вёрстку, дызайн, трэці — дастаўляе гатовую прадукцыю, чацвёрты арганізуе фотаздымку для сямейных і падарункавых альбомаў.
Фота: Яна Бондар/ПРААН у Беларусі
Сёння ў Хойніках бяруцца нават за тэхнічна складаныя замовы. Напрыклад, могуць друкаваць на металізаваных (залатых, срэбных) плёнках. Гэта значна пашырае асартымент паслуг і падарункавай прадукцыі, і дае адчувальную канкурэнтную перавагу як у раёне, так і за яго межамі.
Каворкінг-прастора для ўсіх
Друкарны цэнтр размясцілі ў рэканструяваным цэху старой друкарні. Акрамя таго, удзельнікі кластара абсталявалі тут стыльную каворкінг-прастору. Старая ліфтавая шахта ператварылася ў міні-кухню, з'явілася "brainstorming station" — тэхнічна абсталяваная зала для сустрэч, перамоваў, дыстанцыйнай працы. Скарыстацца паслугамі каворкінг-прасторы можна бясплатна.
— Мы заўсёды марылі, каб у горадзе была такая прастора, дзе кожны чалавек можа арганізаваць для сябе месца для працы альбо бізнэс-сустрэч. Кліенты могуць карыстацца падлучэннем да інтэрнэту, перагаворным пакоем, зонай адпачынку. Наш каворкінг — гэта магчымасць змяніць лакацыю працуючым на «аддаленні», зрабіць прэзентацыю свайго прадукта кліентам, — кажа Аляксандр аб магчымасцях новага месца. — У нас няма ніякіх выключэнняў: скарыстацца прасторай могуць усе. Шыеце, вяжаце — сустракайцеся тут. Рады падтрымаць любую прадпрымальніцкую ініцыятыву. У далейшым прастора каворкінгу будзе прадастаўляцца ў арэнду мясцовым прадпрымальнікам, рамеснікам і іншым жадаючым.
Жыхары Хойнікаў толькі пачынаюць знаёміцца з гэтым месцам, але яны ўжо паспелі «падказаць» удзельнікам кластара новыя напрамкі яго развіцця. Напрыклад, правядзенне фотасесій. Цяпер тут можна сфатаграфавацца не толькі на пашпарт, але і для душы, з сям'ёй, ёсць магчымасць падрыхтавацца, пераапрануцца, зрабіць макіяж і зняцца ў розных лакацыях, – расказвае фатограф Сяргей Бандарэнка, яшчэ адзін удзельнік гэтага кластара.
У друкарні размясцілася стыльная каворкінг-прастора — зала для сустрэч, перамоваў, працы на «аддаленні».
Фота: Яна Бондар/ПРААН у Беларусі
Кропкі росту
Мы жадаем укладваць грошы ў свой раён, каб ён развіваўся. Асабіста я мару, каб маладыя людзі бачылі магчымасці ўласнага росту ў родным горадзе і не спяшаліся з'яжджаць. Я рады, што на месцы мы аказваем паслугі на высокім узроўні, — разважае Аляксандр.
Сёння каманда кластара можа задаволіць самыя разнастайныя патрэбы не толькі свайго раёна, але і суседніх: Брагінскага, Лоеўскага, Нараўлянскага, Рэчыцкага. Тэхнічнае абсталяванне дазваляе камандзе брацца за тое, што калісьці яны замаўлялі ў буйных гарадах.
Нацэлены тут і на актыўнае прасоўванне бізнесу. Напрыклад, у прадпрымальнікаў ёсць ідэя зрабіць інтэрнэт-вітрыну, якая дазволіць кліентам прапанаваць ідэю для дызайну і замовіць футболку з унікальным прынтам або змадэляваць для друку сямейны фотаальбом.
Прадпрымальнікі — удзельнікі паліграфічнага кластара.
Фота: Яна Бондар/ПРААН у Беларусі
— Зарабіць стартавы капітал заўсёды складаней, чым потым развівацца. Таму я ўдзячны падтрымцы з боку праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі за тое, што ў нашых прадпрымальнікаў з'явілася магчымасць зрабіць значны рывок і разам прадоўжыць развіццё па сваіх напрамках, — рэзюмуе Аляксандр.
Усяго ў рамках праекту падтрымалі 18 кластарных ініцыятываў у 12 раёнах Беларусі.