– Мы працуем з Захавальнікамі ТВП у розных кутках Беларусі. Гэтыя людзі ўжо прадухілілі дзясяткі пагроз: дзякуючы іх паведамленням дзесьці не разраслася звалка, своечасова патушылі падпаленую траву, не злілі атрутныя адкіды ў раку. Мы сабралі гэты досвед ва ўніверсальны даведнік, каб дзяліцца ведамі з усімі, хто хоча берагчы прыроду, – адзначае менеджар праекта “Прырода важная для ўсіх” Максім Немчынаў. – Думаю, цяпер мы будзем працаваць яшчэ эфектыўней. Запрашаем далучыцца да нашай праграмы захавальнікаў ТВП!
Як стаць Захавальнікам
80 старонак кнігі даюць адказы і на агульныя пытанні, і разглядаюць канкрэтныя сітуацыі, калі важна своечасова папярэдзіць бяду.
• Што такое ТВП (Тэрыторыі, важныя для птушак), для чаго неабходна іх вылучаць і якія птушкі могуць стаць “намінантамі” для надання тэрыторыі ахоўнага статусу?
• Хто такія Захавальнікі ТВП, як яны працуюць, хто можа імі стаць? Што трэба рабіць Захавальніку, каб сачыць за парадкам у дарагіх сэрцу месцах?
Самыя важныя раздзелы прысвечаныя праблемам, якія часцей за ўсё сустракаюцца на ТВП Беларусі. У кнізе прыведзеныя рашэнні і алгарытмы дзеянняў у такіх сітуацыях.
• Што рабіць, калі ў лесе ссякаюць дрэва з гняздом птушкі?
• Нехта ловіць рыбу забароненымі прыладамі: мае дзеянні?
• Выпальванне травы і вогнішчы ў незаконных месцах: як не застацца ў баку?
Кнігі атрымаюць усе Захавальнікі ТВП, якія працуюць па праграме, а таксама новыя памочнікі. Гэтыя пакрокавыя інструкцыі стануць палачкай-ратавалачкай у многіх сітуацыях, і ТВП будуць заставацца такімі ж зялёнымі, чыстымі і поўнымі птушыных песень!
Кіраўніцтва выдадзена ў рамках праекта “Прырода важная для ўсіх” пры падтрымцы Еўрапейскага саюза.



