image2 15.02.2021

Прадпрымальніцкія ініцыятывы ў рэгіёнах атрымаюць падтрымку на адкрыццё і развіццё бізнесу

Праект «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» аб'яўляе аб прыёме заявак на конкурс прадпрымальніцкіх ініцыятыў у 12 раёнах Беларусі. Пераможцы конкурсу атрымаюць падтрымку ў выглядзе тавараў, работ і (або) паслуг, неабходных для рэалізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы, на суму да 25 000 долараў ЗША.

Конкурс пройдзе ў 12 пілотных раёнах праекта:

·         Брэсцкая вобласць: Бярозаўскі і Кобрынскі раёны;

·         Віцебская вобласць: Браслаўскі і Аршанскі раёны;

·         Гомельская вобласць: Брагінскі, Жлобінскі і Хойніцкі раёны;

·         Гродзенская вобласць: Лідскі раён;

·         Мінская вобласць: Барысаўскі і Маладзечанскі раёны;

·         Магілёўская вобласць: Быхаўскі і Клічаўскі раёны.

Прыняць удзел у конкурсе могуць:

·         юрыдычныя асобы прыватнай формы ўласнасці, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь, з месцам знаходжання на тэрыторыі раёнаў правядзення конкурсу;

·         індывідуальныя прадпрымальнікі, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь, з месцам знаходжання (жыхарства) на тэрыторыі раёнаў правядзення конкурсу.

Падаць заяўку на ўдзел у конкурсе прадпрымальніцкіх ініцыятыў можна на сайце www.prospring.by. Прыём заявак ажыццяўляецца з 15 лютага 2021 года па 30 сакавіка 2021 года.

Першыя 240 заяўнікаў атрымаюць магчымасць атрымаць індывідуальныя дыстанцыйныя кансультацыі экспертаў. Дапамога экспертаў дазволіць дэталёва прааналізаваць і лепш прадставіць сваю бізнес-ідэю.

«Максімальнае раскрыццё і задзейнічанне патэнцыялу кожнага раёна з'яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі і знаходзіцца ў фокусе шэрагу дзяржаўных праграм бягучага пяцігадовага цыкла. У рамках праекта мы імкнёмся падтрымаць прадпрымальніцкія ініцыятывы, накіраваныя на ўкараненне і развіццё перадавых для пілотных раёнаў бізнес-мадэляў, якія спрыяюць устойліваму эканамічнаму росту і павышэнню якасці жыцця насельніцтва рэгіёнаў», - пракаментавала Ірына Бабачонак, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгіянальнага развіцця і маёмасных адносін - начальнік упраўлення маёмасных адносін Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны каардынатар праекта.

«Дадзены конкурс - гэта ўнікальная магчымасць падтрымаць малы бізнес у рэгіёнах, у тым ліку, з мэтай мінімізацыі рызыкаў, выкліканых пандэміяй COVID-19. Мы ведаем, як складана вырашыцца пачаць сваю справу, і хочам падтрымаць прадпрымальнікаў, такім чынам робячы ўнёсак ва ўстойлівае развіццё рэгіёнаў, ствараючы працоўныя месцы і забяспечваючы даход насельніцтву», - азначыў Дзірк Шубель, кіраўнік Еўрапейскага саюза ў Беларусі.

«Ствараючы бізнес альбо задумваючыся аб яго пашырэнні, прадпрымальнік часта сутыкаецца з недахопам грашовых сродкаў. Пераможцы конкурсу змогуць атрымаць падтрымку на агульную суму 1.7 млн. долараў ЗША. Такім чынам, мы ствараем спрыяльныя ўмовы для развіцця бізнесу ў рэгіёнах, падтрымліваем устойлівае эканамічнае развіццё краіны», - адзначыла Аляксандра Салаўёва, Пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі.

Праект «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.

Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі звязвайцеся са спецыялістам праекта па сувязях з грамадскасцю Надзеяй Сінельнік па электроннай пошце nadzeya.sinelnik@undp.org.