4 лістапада з 18.00 да 19.30 у межах Мінскага урбаністычнага форуму ў Галерэі сучаснага мастацтва Ў (вул. Кастрычніцкая, 19) адбудзецца лекцыя Гергіна Барысава «Як зрабіць, каб грамадскі транспарт адымаў менш часу?»
Гергін Барысаў (Gergin Borisov) – суаснавальнік і брэнд-менеджэр арганізацыі «СпасіСафія» (Сафія, Балгарыя).
Сталіца Балгарыі Сафія доўга змагаецца за тое, каб забяспечыць якасць грамадскага транспарту. Колькасць пасажыраў і хуткасць грамадскага транспарту тут зніжаюцца, нягледзячы на мільярды еўра, інвеставаныя ў развіццё сістэмы метро. Хоць горад апынуўся ў складанай сітуацыі, Сафія – гэта выдатны кейс для вывучэння розных рашэнняў па паляпшэнню гарадскога транспарту. У прэзентацыі эксперта з Балгарыі гаворка пойдзе пра адмысловыя меры па памяншэнні часу ў шляху, аптымізацыі раскладаў і пераразмеркаванні ніш розных відаў грамадскага транспарту. Асобна Гергін Барысаў сфакусуецца на тэме прыцягнення новых пасажыраў з дапамогай новых транспартных сэрвісаў, такіх як начны транспарт.
Гергін Барысаў удзельнічаў у распрацоўцы і абгрунтаванні сістэмы начнога транспарту ў Сафіі (2014-2018), якую паспяхова ўкаранілі ў горадзе. На дадзены момант ён з'яўляецца дырэктарам па дызайну і кіраўніком групы, якая працуе над новай сістэмай універсальнага візуальнага арыентавання для метрапалітэна Сафіі (2016-2019). Эксперт мае ступень магістра інфармацыйных тэхналогій (University of Library Studies and Information Technologies).
Лекцыя «Як зрабіць, каб грамадскі транспарт адымаў менш часу?» арганізавана Мінскім роварным таварыствам і Цэнтрам экалагічных рашэнняў у партнёрстве з Мінскай урбаністычнай платформай у рамках Мінскага урбаністычнага форуму. Лекцыя падтрымана Еўрапейскім саюзам у межах праекта «Гарадскі роварны рух у Беларусі».
Уся праграма форуму даступная на сайце forum.urbanist.by. Удзел у мерапрыемстве бясплатны, але неабходная рэгістрацыя.
Праграма форуму, 4 лістапада. Тэма дня «Транспарт і час у горадзе»
15.00 Рэгістрацыя
15.30 Абагульненне вынікаў папярэдняга дня
16.30 Прэзентацыя «Як ровар зачароўвае гарады Беларусі: вынікі праекта "Гарадскі роварны рух у Беларусі "» (Павел Гарбуноў)
17.00 Прэзентацыя «Як пісаць пра інфраструктуру зразумела: прэзентацыя тэмы "Транспарт "Мінскага урбаністычнай часопіса» (Андрэй Ваз`янаў)
18.00 Лекцыя «Як зрабіць, каб грамадскі транспарт адымаў менш часу?»
19.30 Жывы мікрафон: інтэрв'ю з Гергінам Барысавым
20.00 Дыскусія «Транспарт і час у горадзе»
22.00 Падвядзенне вынікаў Форуму
22.30 DJ-сэт Sumlennie (2-step garage, speed garage, jungle)
Кантакты для СМІ: Таццяна Жарнасек 8-029-3328576 pr@bike.org.by.
02.11.2018