Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у рамках праграмы Women in Tech прапануе даследчы грант. Праграма грантаў Women in Tech арыентаваная на студэнтак і студэнтаў, якія паступаюць на магістарскую праграму "Гендэрныя даследаванні" ЕГУ і чые навуковыя інтарэсы ляжаць на скрыжаванні тэхналогій, лічбавай сферы і гендэрнай праблематыкі ў Беларусі і ўсходнееўрапейскім кантэксце.
Праграма Women in Tech - гэта інфраструктурны адукацыйны і даследчы праект, накіраваны на падтрымку жанчын у IT сферы, стымуляванне даследаванняў на скрыжаванні тэхналогіі і фемінізму, стымуляванне гендэрнай роўнасці ў галіне высокіх тэхналогій. Праект рэалізуецца ў супрацоўніцтве з Цэнтрам гендэрных даследаванняў ЕГУ пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза.
Патрабаванні да кандыдатаў:
Прэтэндаваць на даследчы грант могуць кандыдаты, якія паступаюць на магістарскую праграму "Гендэрныя даследаванні" і чыя магістарская праца карэлюе з тэматычным фокусам праграмы.
Прыярытэтныя тэмы даследавання для гранта Women in Tech:
· магчымасці адукацыі і кар'еры ў сферы ІТ для жанчын;
· гендэрныя аспекты рынку працы ў ІТ-індустрыі, у тым ліку прэкарную занятасць;
· гендэрная няроўнасць у ІТ індустрыі ў Беларусі і іншых краінах Усходняй Еўропы: вывучэнне механізмаў выключэння, эйджызму, балансу паміж працай і сям'ёй, "ліпкай падлогі" і "шкляной столі";
· гендэрныя аспекты міграцыі і лічбавага намадызму ў сферы ІТ.
Працэдура падачы заяўкі:
Для ўдзелу ў конкурсе, да 10 ліпеня разам з уступнымі дакументамі пры запаўненні анлайн-анкеты для паступлення ў ЕГУ трэба даслаць матывацыйнае эсэ, у якім будуць указаныя:
· тэма будучай магістарскай працы, яе асноўная ідэя;
· актуальнасць даследавання і яго адпаведнасць накірунку праграмы Women in Tech;
· кола даследчых і актывістскіх інтарэсаў абітурыенткі, дасягненні і публікацыі (калі такія ёсць);
· якім чынам даследаванне і навучанне ў магістратуры дапаможа павялічыць ваш уплыў або будзе садзейнічаць гендэрнай роўнасці, развіццю мясцовых супольнасцяў, і г.д.
Памер матывацыйнага эсэ не павінен перавышаць 1200 слоў. Мова матывацыйнага эсэ – англійская, руская ці беларуская.
Дакументы прымаюцца да заканчэння Прыёмнай кампаніі-2022 – 10 ліпеня 2022 года.
Колькасць грантаў у межах конкурсу даследчых грантаў Women in Tech: 1 грант.
Вынікі конкурсу будуць вядомыя не пазней за 19 ліпеня 2022 года.