29 – 30 верасня 2017г. Фонд «Новая Еўразія» ў партнёрстве з Кансалтынгавай установай «Сацыяльныя тэхналогіі бізнесу» і Iнкубатарам малога прадпрымальніцтва ЗАТ «МАП ЗАО» правялі Канферэнцыю «Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі» і Фестываль сельскага бізнесу ў Беларусі «Тутэйшая гаспадарка». Мерапрыемствы сталі фінальным акордам у рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі», які рэалізоўваўся з 2015 па 2017 г. і быў накіраваны на павышэнне ўзроўню жыцця ў сельскіх тэрыторыях Беларусі.
Канферэнцыя «Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі» прайшла 29 верасня ў Мінску і сабрала больш за 100 чалавек – прадстаўнікоў сельскага бізнесу і ініцыятыўных груп з усіх абласцей Беларусі, супрацоўнікаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, Міністэрства эканомікі і Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады і кіравання, некамерцыйных арганізацый, грамадскасці, устаноў адукацыі і бізнесу, а таксама эксперта з Украіны.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў Канферэнцыі звярнуўся Аляксей Вавохін, мэнэджар праектаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, які распавёў пра прыярытэты падтрымкі Беларусі Еўрапейскім саюзам у галіне рэгіянальнага развіцця.

Астрыд Зам, выканаўчы дырэктар Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра (IBB) і кіраўнік Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі, таксама прывітала удзельнікаў Канферэнцыі і распавяла аб мерапрыемствах Тыдняў ўстойлівага развіцця – 2017.
У рамках пленарнага паседжання Пётр Барысавіч Арушаньянц, дырэктар Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, распавёў аб нарматыўна-прававых актах, якія ў бліжэйшы час будуць падпісаныя Прэзідэнтам і якія накіраваны на ліквідацыю адміністрацыйных бар'ераў і паляпшэнне умоў вядзення малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі. Напрыклад, прадугледжана істотнае скарачэнне ліцэнзаваных відаў дзейнасці, а ліцэнзуючы орган зможа адклікаць ліцэнзіі толькі па рашэнні суда. Указ № 337 ад 19 верасня 2017 г. “Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб” пашырае колькасць відаў дзейнасці, якімі можна займацца без рэгістрацыі ў якасці ІП. Пасля ўступлення ў сілу новых нормаў істотна спросціцца праца рамеснікаў, якія змогуць рэкламаваць сваю прадукцыю ў Інтэрнэце і рэалізоўваць яе праз шырокі спектр каналаў збыту; аграсядзібы змогуць прапаноўваць пашыраны шэраг паслуг, у тым ліку праводзіць масавыя мерапрыемствы. Змены ў заканадаўства прадугледжваюць ажыццяўленне эканамічнай дзейнасці пасля простага паведамлення ў рэгулятыўны орган, таксама будзе зацверджаны адзіны скарочаны спіс патрабаванняў да пажарнай бяспекі, правілы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і санітарна-эпідэміялагічны нормы.
Людміла Батура, мэнэджар праектаў Фонда “Новая Еўразія”, прадставіла асноўныя вынікі і дасягненні рэалізацыі праекта «Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі», а запрошаны эксперт з Украіны – Аляксандр Бабій – распавёў аб праблемах і перспектывах развіцця сельскіх тэрыторый ва Украіне.
Пасля пленарнага паседжання адбыліся дзве панэльныя дыскусіі: у рамках першай эксперты і ўдзельнікі Канферэнцыі абмеркавалі праблемы і перспектывы развіцця сельскіх тэрыторый, а другая дыскусія прысвечаная вынікам рэалізацыі 13 сумесных ініцыятываў грамадзянаў, органаў мясцовай улады, некамерцыйных арганізацый і бізнесаў у пілотных тэрыторыях праекта. Канферэнцыя будзе спрыяць распаўсюджванню лепшых практык і гісторый поспеху па развіцці рэгіёнаў.
Фестываль сельскага бізнесу ў Беларусі «Тутэйшая гаспадарка» адбыўся 30 верасня ў Калодзішчах і стаў добрым практычным дадаткам да Канферэнцыі, у межах якога сельскія прадпрымальнікі, рамеснікі, аграсядзібы, прадстаўнікі спажывецкіх кааператываў і школьных бізнес-кампаній, мясцовых органаў улады і некамерцыйных арганізацый, а таксама жыхары, якія задумваюцца аб пачатку ўласнага бізнэсу, змаглі абмяняцца досведам і прадставіць свае унікальныя бізнес-мадэлі і прадукты. У рамках Фестывалю прайшлі тэматычныя дзелавыя сустрэчы і “ўраджайныя прэзентацыі” па тэмах «Рэгіянальны досвед работы сельскіх спажывецкіх кааператываў Беларусі» і «Лепшыя замежныя і беларускія практыкі ў сельскай гаспадарцы», працавала інтэрактыўная пляцоўка «Эка-майстэрні: інтэрактыўная пазнавальная пляцоўка для дарослых і дзяцей» і майстар-класы ад навучальных бізнес-кампаній сельскіх школ па пляценні дэкаратыўнай агароджы з лазы, вырабе нацыянальнай лялькі, абярэгаў і іншых сувеніраў; фермерская гаспадарка «Экафанія» правяла майстар-клас «Мой бізнэс – трэнд на здаровае харчаванне:«ЭКА - Ежа», а фермерская гаспадарка«Мядовая каралева» распавяла, як яна камбінуе ў сваёй бізнес-мадэлі традыцыі і сучаснасць ў рамках майстар- класа «Азбука спажывання прадуктаў з мёду і пітных мядоў па старажытных рэцэптах».
Канферэнцыя і Фестываль прайшлі пры фінансаванні Еўрапейскага саюза і суфінансаванні Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці, а таксама ў межах Тыдняў ўстойлівага развіцця – 2017 пры актыўным удзеле Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі.