Чаму ініцыятыўная група вырашыла ратаваць менавіта грызуноў? Калісьці два з трох звяркоў былі прызнаныя шкоднікамі сельскай гаспадаркі, а цяпер усе яны трапілі ў Чырвоную кнігу Беларусі, а суслік апынуўся нават у міжнароднай Чырвонай кнізе, як, напрыклад, зубр i вяртлявая чаротаўка. Магчымая страта гэтых звяркоў скароціць біяразнастайнасць і збядніць жывёльны свет Беларусі, парушыць трафічныя ланцужкі ў экасістэмах, таму ў рамках праекта «Экаманiторынг» падтрымліваюцца такія ініцыятывы.
Сёння няма дакладных дадзеных аб колькасці гэтых грызуноў у Беларусі. Некалькі гадоў таму адмысловыя пошукі хамяка скончыліся нічым. Пасля абвешчання ініцыятывы АПБ атрымала паведамленне пра сустрэчу з хамяком – першае, вядомае вучоным за апошнія 10 гадоў. У 1980-х у нас было вядома 89 калоній рабога сусліка. Некалькі гадоў таму апошнія вядомыя калоніі былі выпадкова знішчаныя. Пасля абвяшчэння ініцыятывы праекта АПБ ужо атрымала першыя звесткі пра новыя калоніі. У межах праекта яны будуць правераныя і атрымаюць ахоўны статус, а таксама АПБ паспрабуе знайсці іншыя захаваныя калоніі.


З 1996 гады ніхто не бачыў у Беларусі палятуху, пакуль у 2017 годзе актывісты АПБ Дзяніс Кіцель і Андрэй Абрамчук не знайшлі некалькі тэрыторый на поўначы Беларусі. Але на сёння невядомае дакладнае распаўсюджанне гэтага віду, і ініцыятыва праекта дазволіць знайсці па максімуме ўсе тэрыторыі гэтых звяркоў, а таксама вывучыць і зняць магчымыя пагрозы.
Шукаць супергрызуноў будуць у 19 раёнах Беларусi. Адмысловая праца запланаваная з людзьмі – суседзямі рэдкіх відаў. Адна з асноўных мэт праекта «Экаманіторынг» – далучэнне грамадскасці да экалагічнай актыўнасці, прыняцце экалагічных рашэнняў. Галоўны фактар знікнення хамяка, сусліка і палятухі, як і многіх іншых відаў – антрапагенны. Звяры знікаюць пасля ўзворвання ўскраек палёў і выганаў, зарастання пашы праз невыкарыстанне і ад іншых фактараў. Таму так важна далучацца да такіх ініцыятыў і дапамагаць як у пошуках рэдкіх звяркоў, так і ў іх ахове. Эксперты ініцыятывы правядуць адмысловыя сустрэчы з настаўнікамі, школьнікамі, леснікамі і мясцовымі жыхарамі, каб расказаць ім пра біялогію гэтых відаў, пра пагрозы і пра тое, як яны могуць дапамагчы выратаваць іх.
І, нарэшце, чаму хамяк, суслік і палятуха – не проста грызуны, а супергрызуны? На гэтае пытанне адказвае дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі:
“Усе гэтыя грызуны маюць суперздольнасці! Палятуха ноччу лётае ў лесе, да 50 метраў. У яе ў шкілеце пярэднiх лапаў ёсць спецыяльная костка, якая дазваляе ёй шырэй расцягваць перапонкі, каб планіраваць. У хамяка ёсць зашчочныя мяшкі, якія працягваюцца да плячэй. У гэтых мяшках ён можа насіць корм на адлегласць да кіламетра і здольны назапасіць у нары да 10 кг несення. А для вынішчэння рабога сусліка ў савецкі час быў створаны адмысловы самалёт! Але наш герой выжыў, хоць і з вялізнымі стратамі. Сённяшні свет такі, што і супергероі могуць мець патрэбу ў дапамозе. Наша арганізацыя займаецца не толькі птушкамі, але ў цэлым захаваннем біяразнастайнасці. Дзякуючы праекту мы зможам закупіць спецыяльнае абсталяванне, якога пакуль няма ў акадэмічных навукоўцаў-заолагаў, частку абсталявання мы потым перадамо ім”.
Спецыялісты ў рамках ініцыятывы праекта падрыхтуюць адмысловыя Планы дзеянняў па захаванні хамяка, сусліка i палятухі. Інфармацыя пра распаўсюджанне і пагрозы будзе сабраная за 18 месяцаў праекта. У межах ініцыятывы на кожнае месцапражыванне гэтых відаў будуць падрыхтаваныя пашпарты і ахоўныя паперы.