image2 29.06.2017

Школа сельскага бізнесу ў Камарова прыняла першых вучняў

Будучых прадпрымальнікаў пачалі рыхтаваць у Мядзельскім раёне. Тут у вёсцы Камарова пачала працаваць Школа сельскага бізнесу. На працягу трох дзён удзельнікі атрымлівалі веды аб асновах бізнес-планавання і распрацоўвалі ідэі для ўласнага бізнесу.

k0.JPG

Удзельнікамі Школы сталі жыхары 4 раёнаў - Мядзельскага, Пастаўскага, Смаргонскага і Астравецкага. У многіх з іх за плячыма няма вопыту вядзення ўласнага бізнесу, але яны імкнуцца адкрыць сваю справу. Сярод 17 удзельнікаў ёсць бібліятэкар, будаўнік, настаўнікі, мама ў дэкрэтным адпачынку, аўтаслесар і прадстаўнікі іншых прафесій.

k2.JPG

Школа сельскага бізнесу дазволіць жадаючым атрымаць неабходныя веды для адкрыцця сваёй справы і падрыхтаваць бізнес-план. Лепшыя ідэі атрымаюць фінансавую падтрымку ў памеры ад 2 да 10 тысяч еўра. У 2017 - 2018 годах пройдуць 4 наборы ўдзельнікаў Школы, кожнаму з якіх трэба будзе прайсці навучальны курс з 5 цыклаў па 3 дні.

На першай вучэбнай сесіі ўдзельнікі фармулявалі ўласныя бізнес-ідэі і спрабавалі вызначыць характарыстыкі пакупнікоў, перавагі перад канкурэнтамі і ўмовы, якія могуць паўплываць на развіццё бізнесу.

k4.JPG

Ідэі, якія ўдзельнікі Школы плануюць увасабляць у жыццё, датычацца розных сфер ад развіцця фермерскай гаспадаркі або адкрыцця майстэрні па рамонце адзення да арганізацыі вяселляў у экалагічна дружалюбным стылі і будаўніцтва дамоў з саломы.

Трэнерамі на першай вучэбнай сесіі выступілі Сяргей Тарасюк і Андрэй Ёдка з Міжнароднага фонду развіцця сельскіх тэрыторый. Праграма трох дзён была насычана практычнымі заняткамі, падчас якіх удзельнікі працавалі над уласнымі ідэямі і атрымлівалі кансультацыі трэнераў.

k6.JPG

Школа сельскага бізнесу ў Камарова працуе ў рамках праекта «Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: Павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва ў РБ шляхам стварэння і бізнес-інкубатараў». Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і сафінансуецца пасольствам ЗША ў Мінску, яго бюджэт складае 588 тысяч еўра, дзе ўклад ЕС - 556,5 тысяч еўра.

Падаць заяўку на ўдзел у Школе можна на сайце ecopartnerstvo.by. Рэгістрацыя на другі набор адкрыта да 1 жніўня 2017.