Больш за 40 ўстаноў адукацыі правялі інфармацыйныя гадзіны па пытаннях энергіі і клімата. Школьнікам расказалі, што іх гарады далучыліся да еўрапейскай ініцыятывы “Пагадненне мэраў” і робяць свой унёсак у захаванне клімату планеты.
Для арганізацыі інфармацыйных гадзін на тэму “Наш горад ратуе клімат планеты” МГА “Экапартнёрства” падрыхтавала займальны тэкст пра прычыны і наступствы змены клімату, а таксама аб удзеле асобных гарадоў у скарачэнні выкідаў парніковых газаў. Пасля заняткаў удзельнікі фатаграфаваліся з плакатам акцыі, каб даслаць фотаздымкі арганізатарам.
Усе фотасправаздачы былі апубілкаваны на сайце для педагогаў spare-belarus.by і ў сацыяльных сетках.
Педагогі, якія правялі са сваімі вучнямі інфрамацыйныя гадзіны, атрымаюць у падарунак ад МГА “Экапартнёрства” дзіцячыя кнігі “У планеты высокая тэмпература”.
Прыняць удзел у акцыі па правядзенні інфармацыйных гадзін прапаноўвалася ўстановам адукацыі з гарадоў, якія далучыліся да Пагаднення мэраў па энергіі і клімату. Акцыю падтрымалі 8 гарадоў: Ашмяны, Чавусы, Навагрудак, Магілёў, Іўе, Орша, Вілейка, Полацк.
Па падліках аргаізатараў у інфармацыйных гадзінах прынялі ўдзел больш за 7000 школьнікаў.



