image2 12.02.2018

Дасылайце свае канцэпцыі светлавых інсталяцый і атрымлівайце грошы на іх рэалізацыю!

Праект «Гарсвятло» абвяшчае конкурс для маладых архітэктараў, у межах якога кожны пераможца атрымае ад 1000 да 1500 еўра на стварэнне і ўсталяванне светлавой інсталяцыі гэтай восенню на Фестывалі святла ў Полацку.

Удзельнікам конкурсу арганізатары прапаноўваюць 18 пляцовак у цэнтры гораду, дзе можна размясціць інсталяцыі. Патрабаванні да канцэпцый і падрабязная інфармацыя пра конкурс даступныя па спасылцы: http://polack-light-fest.tilda.ws/arch-contest. Крайні тэрмін падачы канцэпцый – 15 сакавіка 2018 году. Перавага будзе аддавацца інсталяцыям, звязаным з зменай клімату.

Што такое Фестываль святла ў Полацку?

Фестываль святла – гэта свята светлавога мастацтва, якое адбудзецца гэтай восенню ў Полацку ўпершыню. Такія фестывалі даўно збіраюць аншлаг за мяжой. На цэнтральных вуліцах размесцяць светлавыя інсталяцыі, а таксама ў горадзе будуць праходзіць начныя экскурсіі, майстар-класы, флэшмобы ды конкурсы.

Фестываль святла завершыць фінансуемы ЕС праект «Гарсвятло». У яго межах на 16 полацкіх вуліцах заменяць асвятленне на больш энергаэфектыўнае. Арганізатары фестываля – Полацкі раённы выканаўчы камітэт і Фонд «Інтэракцыя».

Праект «Гарсвятло: Энергаэфектыўная мадэрнізацыя вулічнага асвятлення ў горадзе Полацку» фінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy. 

Ініцыятыва EU4Energy накіравана на ўдасканаленне энергазабеспячэння, бяспекі і доступу, а таксама папулярызацыі ідэй энергаэфектыўнасці і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў краінах Усходняга партнёрства. Гэта дасягаецца шляхам фінансавання праектаў і праграм, якія спрыяюць рэфармаванню энергетычнага рынку для скарачэння залежнасці ад крыніц энергіі і яе спажывання на нацыянальным узроўні. У доўгатэрміновай перспектыве энергазабеспячэнне становіцца больш даступным, надзейным і празрыстым. Такім чынам, скарачаецца дэфіцыт энергарэсурсаў і памяншаецца кошт энергіі для грамадзян і прыватнага сектара. Больш падрабязна аб ініцыятыве: www.EU4Energy.eu

Дадзеная публікацыя створана пры падтрымцы Еўрапейскага саюза ў межах ініцыятывы EU4Energy. Змест публікацыі з’яўляецца прадметам выключнай адказнасці Мясцовага фонда садзейнічання развіццю міжнароднага дыялога і супрацоўніцтва “Інтэракцыя” і ніякім чынам не можа адлюстроўваць афіцыйную пазіцыю Еўрапейскага саюза.