23 лютага з 12:00 да 16:00 у 3 корпусе БДУІР (вул. Броўкі, 10, зала №203) пройдзе другая Веласіпедная канферэнцыя студэнтаў.
На канферэнцыі збяруцца студэнты-велаактывісты з вышэйшых навучальных устаноў, каледжаў і тэхнікумаў ўсёй Беларусі.
У праграме мерапрыемства абмеркаванне праблем, якія ўзнікаюць у студэнтаў-веласіпедыстаў, стан велаінфраструктуры ў навучальных установах, а таксама правядзенне веласіпедных мерапрыемстваў для студэнтаў.
Для таго каб прыступіць да вырашэння гэтых праблем арганізатары запрасілі да ўдзелу ў абмеркаванні прадстаўнікоў адміністрацый ВНУ і медыя.
Акрамя таго, на канферэнцыі адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Самы веласіпедны ВНУ», які МГА «Салянка» праводзіла на працягу года.
– З кожным годам у Мінску становіцца ўсё больш веласіпедыстаў, але ў студэнцкім асяроддзі гэта не развіваецца з-за адсутнасці велаінфраструктуры на тэрыторыі ВНУ, – расказвае пра мэты канферэнцыі старшыня праўлення МГА «Салянка» Яўген Рудскі. – Для вырашэння гэтых праблем мы вырашылі сабраць актыўных студэнтаў і экспертаў з веласіпедных арганізацый на адной пляцоўцы і прадумаць, якім чынам мы можам паўплываць на сітуацыю.
Удзел у канферэнцыі бясплатны, але па папярэдняй рэгістрацыі.
Мерапрыемства арганізавана Цэнтрам экалагічных рашэнняў і Мінскім роварным таварыствам у партнёрстве з грамадскім аб'яднаннем «Салянка» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза ў рамках праекта «Гарадскі роварны рух у Беларусі».
Кантакты для СМІ: + 375-25-533-2282, zhenyarudskiy@mail.ru (Яўген Рудскі).