28 чэрвеня 2018 года ў горад Іўе Гродзенскай вобласці з’ехаліся прадстаўнікі беларускіх гарадоў-падпісантаў Пагаднення мэраў і замежныя госці. Удзельнікі канферэнцыі абмяркоўвалі беларускі і еўрапейскі досвед па павышэнні энергаэфектыўнасці, магчымасці фінансавання, а таксама патэнцыял ачышчальных збудаванняў і абыходжання з адходамі па скарачэнні выкідаў парніковых газаў.
Удзельнікаў канферэнцыі павіталі прадстаўнікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту РБ, Іўеўскага райвыканкама і МГА “Экёпартнерства”.
– Сёння мы абмяркоўваем вельмі важныя пытанні. Мерапрыемства дае велізарную экспертную падтрымку ў вырашэнні задач, якія стаяць на сённяшні дзень. Вельмі важнае значэнне мае прысутнасць міжнародных экспертаў, якія дапамогуць і абмяняцца досведам, і знайсці сумесныя шляхі, – падкрэсліла Старшыня Пастаяннай Камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Кананчук.
Пасля ўступных слоў прадстаўнікі структур падтрымкі Пагаднення мэраў у Беларусі Наталля Андрэенка (МГА “Экапартнёрства”) і Іван Шчадранок (фонд “Інтэракцыя”) зрабілі агляд дзейнасці гарадоў-падпісантаў за мінулы год з моманту папярэдняй канферэнцыі. Наталля Андрэенка падкрэсліла, што рэалізуюцца 10 мясцовых ініцыятыў, накіраваных на скарачэнне выкідаў парніковых газаў, у рамках праекта “Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам. На працягу года праходзілі семінары, трэнінгі, круглыя сталы для гарадоў-падпісантаў, а таксама аказваліся кансультацыі па распрацоўцы Планаў дзеянняў па ўстойлівым энергетычным развіцці і клімаце.
Падчас панэльнай дыскусіі прадстаўнікі з Эстоніі, Даніі, Латвіі, Украіны і Расіі дзяліліся досведам працы ў рамках ініцыятывы “Пагадненне мэраў па энергіі і клімаце” ў сваіх гарадах.
– Удзел у Пагадненні мэраў нам даў абмен досведам і магчымасць далучыцца да грантавых праектаў, – адзначыў намеснік кіраўніка горада па пытаннях дзейнасці выканаўчых органаў гарсавета г. Вазнясенск (Украіна) Юрый Смятана. – З дапамогай еўрапейскіх грошай мы падрыхтавалі энергааўдыты розных муніцыпальных будынкаў і цяпер выкарыстоўваем іх для ўдзелу ў новых конкурсах грантавай падтрымкі.
Таксама прадстаўнікі Украіны адзначылі, што ў іх актыўна развіваецца сістэма энергаменеджменту, калі штодня аналізуюцца дадзеныя энергаспажывання ў будынках, робяцца захады па аптымізацыі выдаткаў і праводзяцца кансультацыі для жыхароў.
Адна з панэльных дыскусій была прысвечаная фінансавым інструментам, якімі могуць карыстацца гарады для рэалізацыі мерапрыемстваў па энергаэфектыўнасці і адаптацыі да змены клімату. Удзельнікі канферэнцыі даведаліся аб будучых грантавых праграмах Еўрапейскага саюза ў Беларусі, Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду ў РБ, праектаў ПРААН, Фонду імя Льва Сапегі, Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі, Сусветнага банка і Банка развіцця РБ.
Падчас абмеркавання ў групах удзельнікі канферэнцыі змаглі больш даведацца пра тое, як скарачаць выкіды парніковых газаў у сферы звароту адходаў і будаўніцтва ачышчальных збудаванняў.
Пасля падвядзення вынікаў канферэнцыі было арганізавана наведванне дэманстрацыйных аб’ектаў, сярод якіх іўеўскі яслі-сад пачатковая школа і кацельня раённай бальніцы.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі МГА “Экапартнёрства”, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, Іўеўскі раённы выканаўчы камітэт.
Геаграфія гарадоў, якія далучаюцца да Пагаднення мэраў па клімаце і энергіі, пастаянна пашыраецца, у Беларусі яго падпісалі ўжо 41 горад і раён.
Далучаючыся да еўрапейскай ініцыятывы “Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі”, гарады бяруць на сябе добраахвотныя абавязацельствы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў на 30% да 2030 года. Працу па скарачэнні выкідаў яны пачынаюць з падліку выкідаў парніковых газаў і іх крыніц на сваёй тэрыторыі, а затым распрацоўваюць планы дзеянняў па ўстойлівым энергетычным развіцці і клімаце. Удзел у Пагадненні мэраў дапамагае гарадам абменьвацца досведам і прыцягваць дадатковае фінансаванне для рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў.
Канферэнцыя з’яўляецца мерапрыемствам праекта “Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy.
Фота перададзеныя газетай “Іўеўскі край”