22 снежня 2017 г. у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь падпісаны кантракт “Умацаванне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь” у мэтах рэалізацыі праекта “Твінінг”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Дакументы падпісалі Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Андрэа Віктарын, дырэктар Цэнтра тэхнічнага супрацоўніцтва Нямецкага Федэральнага банка Марцін Дынкельборг, намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Сяргей Калечыц.
Праект будзе рэалізаваны кансорцыумам банкаў: Нямецкім Федэральным банкам, Нацыянальным банкам Польшчы і Банкам Літвы. Бюджэт праекта − 1,15 млн. еўра, тэрмін рэалізацыі – 2018−2019 гг.
У рамках рэалізацыі праекта плануецца прыняць шэраг мер, накіраваных на ўзмацненне плацежнай сістэмы, павышэнне фінансавай стабільнасці, паляпшэнне банкаўскага нагляду і кіравання фінансавымі рызыкамі. Акрамя таго, удзельнікі праекта маюць намер удасканаліць абарону спажыўцоў фінансавых паслуг і інфармацыйную палітыку Нацыянальнага банка.
“Праект “Твінінг” мае важнае значэнне з пункту гледжання прымянення перадавога досведу банкаў-партнёраў і забеспячэння стабільнасці беларускай банкаўскай сістэмы ў цэлым”, − адзначыў падчас цырымоніі падпісання Сяргей Калечыц.
“Для Нямецкага Федэральнага банка, Нацыянальнага банка Польшчы і Банка Літвы гонар аказаць дапамогу Нацыянальнаму банку Рэспублікі Беларусь па ўкараненні сучасных метадаў і працэдур дзейнасці цэнтральнага банка. Мы вітаем еўрапейскія ініцыятывы на карысць Рэспублікі Беларусь і спадзяемся на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва”, − сказаў Марцін Дынкельборг.
“Першы праект “Твінінг” накіраваны на ўмацаванне патэнцыялу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у выкананні яго асноўных функцый. У выніку павышэння прафесійнай кваліфікацыі персаналу мы чакаем зніжэння інфляцыі, павышэння стабільнасці беларускага рубля, умацавання банкаўскага нагляду, павышэння надзейнасці аплатнай сістэмы і ўмацаванне агульнага даверу да сістэмы на карысць беларускага народа і суб’ектаў эканомікі”, − адзначыла Андрэа Віктарын.
На цырымоніі падпісання таксама прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў Федэратыўнай Рэспублікі Германія, Рэспублікі Польшча і Літоўскай Рэспублікі.