16 студзеня 2018 года ў Мар'інай Горцы прайшло адразу дзве падзеі, звязаных са зваротам з адходамі. Мясцовае ЖКГ атрымала новую тэхніку для паляпшэння сістэмы абыходжання з адходамі ў Пухавіцкім раёне. А ў ДУА «Мар'інагорскі ВВК дзіцячы сад ‒ сярэдняя школа» дзецям ўручылі прызы за перамогу ў конкурсе малюнкаў.
Перадача новага бульдозера і мікрааўтобуса УП «Жилтеплосервис» КГ праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы. Праграмны менеджэр Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Філіп Бернард, намеснік старшыні Пухавіцкага райвыканкама Андрэй Крэмень, дырэктар УП «Жилтеплосервис» КХ Іосіф Кучко, выканаўчы дырэктар МГА "Экопартнёрства» Аліна Бушмовіч ў прывітальных словах падкрэслілі важнасць для развіцця раёна набытай тэхнікі. Яна дапаможа ліквідаваць стыхійныя звалкі на тэрыторыі раёна і арганізаваць збор адходаў электроннага і электрычнага абсталявання ў сельскай мясцовасці.
‒ Пухавіцкі раён знаходзіцца ў цэнтры Беларусі і на яго тэрыторыі, напэўна, размяшчаецца самая вялікая колькасць садовых таварыстваў. Менавіта іх члены часцей за іншых ўтвараюць несанкцыянаваныя звалкі побач са сваімі таварыствамі. Уся гэтая тэхніка дапаможа пазбавіцца ад стыхійных звалак, прыбраць смецце і зараўняць засмечаныя тэрыторыі, каб пасадзіць там лясы, якія буду ў далейшым прыносіць драўніну, альбо з часам выйсці на палявыя ўгоддзі, якія можна будзе выкарыстоўваць, ‒ падкрэсліў Андрэй Крэмень.
У гэты ж дзень у ДУА «Мар'інагорскі ВВК дзіцячы сад ‒ сярэдняя школа» узнагародзілі пераможцаў конкурсу малюнкаў аб правільным абыходжанні з адходамі сярод устаноў адукацыі Пухавіцкага раёна. Яго арганізатарамі выступілі аддзел адукацыі, спорту і турызму Пухавіцкага райвыканкама і МГА «Экапартнёрства». Журы конкурсу выбрала 12 найлепшых работ, якія сталі ілюстрацыямі для насценнага календара. Ён распаўсюджваецца бясплатна на тэрыторыі Пухавіцкага раёна і садзейнічае прыцягненню ўвагі жыхароў да пытанняў стыхійных звалак, кампаставання арганічных адходаў, паасобнага збору смецця.
Абодва мерапрыемствы прайшлі ў рамках праекта «Развіццё паслуг у сферы кіравання адходамі для сельскага насельніцтва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці», фінансаваным Еўрапейскім саюзам, бюджэт якога складае 391,7 тысячы еўра. За два гады рэалізацыі праекта створана стратэгія інтэграванага кіравання адходамі электроннага і электрычнага абсталявання ў Пухавіцкім раёне, у 7 ўстановах адукацыі ўстаноўлены кантэйнеры для кампаставання арганічных адходаў, праводзіцца інфармацыйная праца з жыхарамі па пытаннях абыходжання з адходамі. Яна ўключае распаўсюд буклетаў, брашур, плакатаў і іншай друкаванай прадукцыі, устаноўку 3 білбордаў на тэрыторыі раёна, навучальныя семінары, конкурсы і акцыі з установамі адукацыі і жыхарамі.
У 2018 годзе плануецца ўстаноўка кантэйнераў для збору батарэек ў грамадскіх месцах, увядзенне ў эксплуатацыю пляцоўкі для захоўвання адходаў электроннага і электрычнага абсталявання, правядзенне інфармацыйных мерапрыемстваў.