Выстава “Праекты ў асобах” 9 чэрвеня адкрылася ў Оршы. Экспазіцыя распавядае пра 29 праектаў у экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах, якія былі рэалізаваныя ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
На выставе прадстаўлены фатаграфіі герояў праектаў і іх гісторыі, а таксама інфармацыя пра тэрміны, геаграфію і вынікі праекта. “Праекты ў асобах” – гэта валанцёры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, навукоўцы, выкладчыкі, фермеры, асуджаныя, людзі з інваліднасцю.
Праекты закранаюць такія тэмы, як ахова навакольнага асяроддзя, рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, укараненне энергазберагальных і зялёных тэхналогій, развіццё сельскіх тэрыторый і падтрымка прадпрымальніцтва, дапамога падапечным Беларускага дзіцячага хоспіса і жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту, прасоўванне еўрапейскага падыходу ў адукацыі і навуцы, захаванне гістарычных і культурных традыцый.
Экспазіцыю адкрыла Кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын. Яна адзначыла, што фотавыстава паказвае, як ініцыятывы Еўрасаюза дапамагаюць ажыццявіць мары многіх людзей. “Мы рэалізуем нашы праекты не проста для беларусаў, але разам з беларусамі. Мы шчаслівыя бачыць, як шмат у вашай краіне неабыякавых і ініцыятыўных людзей, гатовых узяць на сябе адказнасць за паляпшэнне ўласнага жыцця, жыцця мясцовых супольнасцяў і ўсёй краіны. Такія гісторыі надаюць нам сіл, натхняюць на новыя ідэі і далейшае супрацоўніцтва. Спадзяюся, што і вас яны не пакінуць абыякавымі”, – сказала Андрэа Віктарын.
Таксама ў цырымоніі адкрыцця ўзялі ўдзел Яўген і Юлія Грудзініны, героі праекта “Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у сельскай Беларусі”, якія прыехалі з вёскі Лютня Магілёўскай вобласці, і Аліна Бушмовіч, выканаўчы дырэктар МГА “Экпартнёрства”, прадставіўшы тры праекты: “Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі”, “Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай” і “Развіццё паслуг у сферы кіравання адходамі для сельскага насельніцтва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці”.
Раней “Праекты ў асобах” ужо ўбачылі жыхары і госці Мінска, Віцебска, Магілёва, Гомеля, Брэста, Гродна, Полацка, Барысава, Бабруйска, Пінска, Мазыра, Ліды і Маладзечна.
Пасля Оршы выстава адправіцца ў Горкі, Рэчыцу, Светлагорск, Жлобін, Салігорск, Нясвіж, Кобрын, Баранавічы.