У дзень святкавання Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 3 ліпеня, у Рэчыцы адкрылася фотавыстава “Праекты ў асобах”. Яна распавядае пра 29 праектаў, рэалізаваных у Беларусі пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
У цырымоніі адкрыцця ўзялі ўдзел каардынатар праектаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Наталля Стасевіч, першы намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама Сяргей Ярац, а таксама героі праектаў. Удзельнікі адкрыцця таксама пабывалі на парадзе і цырымоніі ўскладання кветак ветэранамі.
Уладзімір Патапенка прадставіў праект “Валожын без бар’ераў: Узмацненне магчымасцяў для прадстаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю ў Валожынскім раёне”. Дзякуючы гэтаму праекту, Валожын стане стартавай пляцоўкай для развіцця турызму без бар’ераў. У горадзе з’явяцца першы ў Беларусі турыстычны цэнтр і хостэл для людзей з інваліднасцю, а ў Налібоцкай пушчы – спецыяльна абсталяваная экалагічная сцежка.
Аб праекце “Праграма па прадухіленні прыродных і тэхнагенных катастроф, гатоўнасці да іх і рэагаванні на іх у краінах Усходняга партнёрства (PPRD East 2)” распавёў Дзмітрый Ігнаценка. Паводле яго слоў, рэалізацыя дадзенай праграмы дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць кіравання рызыкамі на нацыянальным узроўні і ўзмацніць абарону насельніцтва ад магчымых негатыўных наступстваў прыродных і тэхнагенных катастроф.
Анастасія Борбут, гераіня праекта “Распрацоўка пілотнага праекта для абароны правоў дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў Беларусі”, распавяла пра тое, як упершыню ў Беларусі ствараецца юрыдычная служба, якая будзе дапамагаць сем’ям з дзецьмі, якія маюць цяжкія формы інваліднасці, абараняць свае інтарэсы.
Прадстаўнік праекта “Адукацыя адчыняе дзверы” Ніна Кекух у сваім выступе падзялілася досведам стварэння адукацыйных праектаў для зняволеных для навучання іх новым прафесіям. Праект рэалізоўваўся ў шасці папраўчых установах рознага тыпу на тэрыторыі Беларусі.
Фотавыстава “Праекты ў асобах” будзе працаваць у Рэчыцы да 16 ліпеня.