У спецвыпуску прадстаўлены найбольш значныя персоны, лічбы, падзеі, якія маюць дачыненне да Пагаднення мэраў – маштабнай ініцыятывы Еўрасаюза (на студзень 2017 года колькасць падпісантаў дасягнула 7 204), якая аб’яднала намаганні розных гарадоў у барацьбе са зменамі клімату. Загалоўны матэрыял дае агульную інфармацыю пра Пагадненне, яго мэты, задачы, партнёраў, фінансавы механізм.
У аглядзе “Пагадненне мэраў у Беларусі” сабраны матэрыял, які падрабязна апісвае гісторыю праекта, дзейнасць найбольш актыўных беларускіх удзельнікаў. Тут жа прадстаўлена карта, якая дапаможа разабрацца з геаграфіяй ініцыятывы ў Рэспубліцы Беларусь.
Сваім меркаваннем аб тым, якія рэальныя вынікі былі дасягнуты дзякуючы ўдзелу ў Пагадненнi мэраў, падзяліліся ў спецыяльных інтэрв’ю Мікалай Шаўчук, старшыня Полацкага райвыканкама, Анатоль Маркевіч, старшыня Навагрудскага райвыканкама, Уладзімір Дранеўскі, старшыня Браслаўскага райвыканкама, Аляксандр Рагачук, старшыня Брэсцкага гарвыканкама. Уладзімір Дранеўскі, у прыватнасці, паведамляе аб падпісанні 11 сакавіка 2016 года грантавага кантракту з Еўрапейскім саюзам на рэалізацыю праекта “Браслаўскі раён – першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі”, бюджэт якога склаў 735 тысяч еўра, з якіх больш за 580 тысяч еўра – уклад ЕС.
У выпуску таксама прадстаўлены меркаванні экспертаў. Іван Шчадранок, нацыянальны эксперт па Беларусі праекта “Пагадненне мэраў – Усход II”, лічыць, што “ўдзел у Пагадненні мэраў – гэта магчымасць прыцягваць інвестыцыі для праектаў па энергазберажэнні ў беларускіх гарадах”. Старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднання “Экапартнёрства” Юлія Яблонская, у прыватнасці, распавядае пра досвед прасоўвання Пагаднення мэраў у Беларусі, пра тую дапамогу, якую аказвае аб’яднанне мясцовым органам улады гарадоў-падпісантаў.
Спецвыпуск завяршае блок навін, а таксама анонс конкурсу журналісцкіх прац, прымеркаванага да запуску тэматычнага сайта euprojects.by, дзе прадстаўлены больш за 40 праектаў, што рэалізуюцца ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы ЕС.