image2 29.04.2020

Праграма «Польшча – Беларусь – Украіна» вылучыць 3 млн еўра на барацьбу з COVID-19

Сумесны маніторынгавы камітэт Праграмы ўхваліў вылучэнне дадатковых 3 млн еўра на фінансаванне праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва, якія рэалізуюцца ў сферы аховы здароўя, для іх падтрымкі ў барацьбе з успышкай COVID-19.

Усяго 12 праектаў (7 PL-BY, 4 PL-UA, 1 PL-BY-UA), удзельнікамі якіх з’яўляюцца бальніцы і цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, зараз змогуць набыць дадатковае абсталяванне або правесці дадатковыя мерапрыемствы для лепшага рэагавання на крызісную сітуацыю (пры гэтым не спыняючы рэалізацыі раней запланаваных мерапрыемстваў).

У цяперашні час 30 арганізацый-партнёраў, якія супрацоўнічаюць у рамках 12 праектаў у сферы аховы здароўя, ужо атрымалі доступ да агульнай сумы ў памеры амаль 24 млн еўра са сродкаў ЕС для падтрымкі бальніц, службаў хуткай дапамогі і іншых устаноў, размешчаных на прыгранічнай тэрыторыі. Дадзеныя сродкі накіроўваюцца на дзейнасць у сферы эпідэміялагічнай бяспекі, аховы здароўя маці і дзіцяці, барацьбу з анкалагічнымі захворваннямі, інтэнсіўную тэрапію і многія іншыя патрэбы. Дадатковыя 3 млн еўра павысяць эфектыўнасць працы медыцынскага персаналу, дазволяць набыць новае абсталяванне, правесці новыя тэсты на каранавірус, а таксама дадуць магчымасць супрацоўнічаць праз межы дыстанцыйна.

Праграма «Польшча ‒ Беларусь ‒ Украіна» ужо на працягу больш за 15 гадоў падтрымлівае бяспеку жыхароў польскіх, беларускіх і ўкраінскіх памежных рэгіёнаў, вырашаючы агульныя выклікі па абодва бакі мяжы ЕС. Ахова здароўя і грамадская бяспека з самага пачатку былі адной з галоўных мэт Праграмы.

«Вылучэнне сродкаў ЕС дазволіла нам хутка зрэагаваць і набыць адмысловую прыладу для скрынінгу грудной клеткі, які з’яўляецца адным з асноўных сродкаў дыягностыкі пацыентаў з COVID-19», ‒ кажа Павел Наткоўскі, дырэктар Мазавецкай спецыялізаванай бальніцы ім. Юзафа Псарскага ў Астралэнцы.

«Наш партнёр, Львоўская абласная дзіцячая клінічная бальніца, прыняў рашэнне выкарыстаць дадзеныя сродкі на набыццё сродкаў індывідуальнай абароны для персаналу», ‒ дадае кіраўнік праекта Войцех Мязга.

Праграма фінансуе да 90% прымальных расходаў па праекце.