У офісе Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза прайшло ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу на найлепшую публікацыю, фотарэпартаж відэа-ці радыёсюжэт аб праектнай дзейнасці ЕС у Беларусі. Конкурс быў прымеркаваны да запуску тэматычнага сайта euprojects.by, на якім падрабязна прадстаўлена ўжо больш за 40 праектаў, што рэалізуюцца ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы ЕС.
Першае месца ў намінацыі “Найлепшая публікацыя ў СМІ” заняла рэдактар аддзела навукі і вышэйшай школы “Настаўніцкай газеты” Галіна Сідаровіч за публікацыю “Каманда вучоных БДУ – у глабальным еўрапейскім праекце” пра флагманскую ініцыятыву Еўрапейскай камісіі “Графен”. Праект раскрывае магчымасці матэрыялу, які лічаць сапраўдным прарывам у нанатэхналогіях.
Яшчэ адным пераможцам конкурсу ў намінацыі “Найлепшы відэа-ці радыёсюжэт” стала спецыяльны карэспандэнт Першага канала Беларускага радыё Алена Беркутава-Вахрамеева за серыю матэрыялаў праграмы “Актуальны мікрафон”. Журы аддало перавагу сюжэтам журналісткі за глыбокі аналітычны падыход у асвятленні працы праектаў “Кліма-Іст: Захаванне і ўстойлівае кіраванне тарфянікамі ў Рэспубліцы Беларусь для скарачэння выкідаў вугляроду і адаптацыі балотных экасістэм да змены клімату” і “Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.
Лідары конкурсу Галіна Сідаровіч і Алена Беркутава-Вахрамеева ў якасці галоўнага прыза атрымаюць магчымасць пабываць на прафесійным семінары ў адной з краін Еўрапейскага саюза.
Астатнія пераможцы конкурсу ўзнагароджаныя каштоўнымі падарункамі. 2 месца ў намінацыі “Найлепшая публікацыя ў СМІ” дасталася двум журналістам. Валерый Каранкевіч (газета “Свободные новости плюс”) у сваёй публікацыі “В Хотимске копируют Европу” нестандартна і эмацыйна распавёў пра “Інавацыйны праект па ўдасканаленні абыходжання з адходамі”.Юлія Цяльцеўская (газета “Аргументы и факты в Беларуси”) у матэрыяле “В Рогачевском районе нашли способ организовать культурный досуг” раскрыла яркія бакі праекта “Стварэнне эфектыўнай сістэмы культурных і інфармацыйных паслуг для сельскіх жыхароў «Свет інфармацыі, культуры і творчасці – для ўсіх»”. Анастасія Наздрына (тэлеканал “Варяг”, Пінск) заняла 2 месца ў намінацыі “Найлепшы відэа-ці радыёсюжэт” за відэаматэрыял аб праекце “Агародніцкая сетка па эксперыментаванні, абмене і распаўсюджанні інфармацыі (ExNet)”.
3 месца ў намінацыі “Найлепшая публікацыя ў СМІ” падзялілі:
Аляксандр Заяц (партал TUT.BY) – за публікацыю “На рынке появилось много хлама. Кто больше заинтересован в сертификации бытовой техники?” аб праекце “Падтрымка Рэспублікі Беларусь у галіне нормаў і стандартаў у сферы энергаэфектыўнасці спажывецкіх тавараў і прамысловай прадукцыі”.
Варвара Марозава (газета “Полацкі веснік”) за серыю публікацый аб праекце “ГарСвятло: энергаэфектыўная мадэрнізацыя вулічнага асвятлення ў Полацку”.
У намінацыі “Найлепшы відэа-ці радыёсюжэт” 3 месца дасталася Вікторыі Пяткевіч (радыё “Беларусь”) за сюжэт пра праект “Кліма-Іст: Захаванне і ўстойлівае кіраванне тарфянікамі ў Рэспубліцы Беларусь для скарачэння выкідаў вугляроду і адаптацыі балотных экасістэм да змены клімату”. Журы таксама адзначыла заахвочвальным прызам серыю фатаграфій Аксаны Манчук (БелТА).