4 чэрвеня з 18.30 да 20.30 у Бізнес-цэнтры Imaguru (вул. Фабрыцыуса, 4) пройдзе публічная лекцыя ад праекціроўшчыкаў з Нідэрландаў Андрэ Пецінга і Віма Саламонса «Анатомія гарадской велакультуры». Уваход бясплатны, але па папярэдняй рэгістрацыі.
Праекціроўшчыкі веласіпеднай інфраструктуры Андрэ Пецінг і Вім Саламонс працуюць у тэме з канца 60-х гадоў, калі сучасны веласіпедны рух Галандыі толькі зараджаўся. Яны былі не толькі сведкамі, але і стваральнікамі буму сучаснага галандскага веласіпеднага руху. Спецыялісты з Нідэрландаў ужо не першы раз у Мінску. Галандскія праекціроўшчыкі гэтай вясной вывучалі веласіпедную інфраструктуру ў Мінску і гатовы адказаць на пытанні слухачоў пра тое, якім чынам можна развіваць веларух у нашай краіне, а таксама распавесці аб шматгадовым галандскім вопыце.
У Нідэрландах паняцце велакультуры фармавалася дзесяцігоддзямі і цяпер мае шырокае значэнне. На лекцыі вы даведаецеся пра эканоміку веларуху, прынцыпы праектавання велаінфраструктуры, рознасці адносін да ровара, транспартную палітыку і дэаўтамібілізацыю галандскіх гарадоў.
Пасля прэзентацый замежных экспертаў запланавана дыскусія пра тое, як галандскі вопыт можа дапамагчы Беларусі стаць веласіпеднай краінай. У дыскусіі возьмуць удзел члены Мінскага роварнага таварыства Анастасія Янчэўская і Павел Гарбуноў і Яўген Харужы.
Мерапрыемства ў першую чаргу будзе цікава праекціроўшчыкам веласіпеднай інфраструктуры, а таксама гарадскім актывістам, журналістам і простым велааматарам.
Удзел бясплатны, але колькасць месцаў абмежавана, таму просім вас запоўніць кароткую форму для рэгістрацыі да 3 чэрвеня да 23.00.
Мерапрыемства арганізавана Мінскім роварным таварыствам і Цэнтрам экалагічных рашэнняў у рамках праекта “Гарадскі веларух у Беларусі" пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
