Да Дня энергазберажэння МГА «Экапартнёрства» запускае конкурс відэаролікаў у гарадах, якія ўдзельнічаюць у ініцыятыве «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі». Яго ўдзельнікам можа стаць любы школьнік або клас, які здыме невялікае відэа аб змяненні клімату ў сваім горадзе ці пра эказвычкі, якія дапамагаюць прадухіліць змяненне клімату.
Каб зняць відэаролік, навучэнцам прапаноўваюць азнаёміцца з цыклам сацыяльнай рэкламы «Буслік дае экалагічныя парады» і абмеркаваць з бацькамі ці бабулямі і дзядулямі, якія праявы змены клімату ў сваёй мясцовасці яны заўважылі ў апошнія дзесяцігоддзі. Дзеці могуць пераказаць атрыманыя веды і факты на відэа ці запрасіць старэйшае пакаленне зняцца ў роліку. Таксама навучэнцы могуць падзяліцца з гледачамі сваімі асабістымі эказвычкамі для скарачэння выкідаў парніковых газаў: выкарыстанне грамадскага транспарту або ровара; эканомнае выкарыстанне энергіі, вады і іншых рэсурсаў; набыццё больш экалагічных тавараў і многае іншае.
Відэапрацы могуць здымацца на мабільны тэлефон і не патрабуюць прафесійных навыкаў. Для арганізатараў конкурсу важна, каб жыхары гарадоў-падпісантаў Пагаднення мэраў ўсвядомілі змены клімату ў сваім рэгіёне і садзейнічалі скарачэнню выкідаў парніковых газаў у побыце.
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна выкласці відэаролік у сваіх сацыяльных сетках з адмысловымі хэштэгамі, а таксама выслаць cпаcылку арганізатарам на пошту spare@ecopartnerstvo.by з кароткай інфармацыяй пра аўтара і кантактамі.
Конкурсныя працы павінны быць апублікаваныя ў сацыяльных сетках з трыма хештэгамі: #soglasheniemerov, #pagadnennemerau, # назва вашага горада.
Працягласць відэароліка не павінна перавышаць 3 хвілін.
Удзельнікі конкурсу атрымаюць сувеніры ад праекта ЕС «Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі».
Відэролікі на конкурс прымаюцца з 11 да 30 лістапада 2017 года.
У цяперашні час удзельнікамі Пагаднення мэраў па клімату і энергіі ў Беларусі з'яўляюцца 27 гарадоў: Бяроза, Браслаў, Брэст, Быхаў, Ветка, Вілейка, Віцебск, Ваўкавыск, Глыбокае, Гарадок, Іўе, Клічаў, Кобрын, Карма, Краснаполле, Мар'іна Горка, Магілёў, Масты, Мсціслаў, Навагрудак, Орша, Ашмяны, Полацк, Рагачоў, Слаўгарад, Чавусы, Шаркаўшчына.
Даведка:
Штогод 11 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень энергазберажэння. Ён праводзіцца ў розных краінах з 2008 года па ініцыятыве міжнароднай экалагічнай сеткі «Школьны праект па выкарыстанні рэсурсаў і энергіі» (ШПІРЭ). У Беларусі дзень энергазберажэння каардынуе Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь і МГА «Экапартёрства».
Галоўная мэта гэтага свята ‒ прыцягнуць увагу ўладаў і грамадскасці да рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў і развіцця аднаўляльных крыніц энергіі. У многіх гарадах у гэты дзень праводзяцца інфармацыйныя і навучальныя мерапрыемствы па тэме энергазберажэння, выставы, экскурсіі на цікавыя аб'екты, тэматычныя ўрокі ў навучальных установах.
Падрабязней пра конкурс на climate.ecopartnerstvo.by.