image2 22.08.2016

Валанцёры АПБ зноў расчысцілі Тураўскі луг ад хмызняку

Як валанцёры ад 20 да 56 гадоў выйшлі на бітву з вярбой: асаблівасці Тураўскага летніка АПБ.

У жніўні валанцёры “Аховы птушак Бацькаўшчыны” зноў сабраліся ў рэзерваце Тураўскі луг – Тэрыторыі, важнай для птушак, міжнароднага значэння. Трэба высякаць хмызняк, якім усё больш зарастае пойма Прыпяці.

Кусты – перашкода для кулікоў: птушкам проста няма дзе гняздзіцца!

Знаёмімся з працай станцыі кальцавання птушак у Тураве, бярэм інструменты і рушым у шлях.

  – Сёлета мы выправімся на адзін з ключавых участкаў Тураўскага лугу, – расказвае Павел Пінчук, дырэктар Беларускага цэнтра кальцавання птушак. – Тут адзначаліся скопішчы кнігавак, бакасаў, такіх “чырванакніжных” відаў як зуёк вялікі і марадунка, крывок, дупель. Птушкам падабалася гэтае месца. Але яно зарасло. Тут нічога не высякалі, відаць, гадоў 15…

Першая спілаваная вярба з трэскам падае. Мы, як мурашы, абступаем дрэва, і кожны цягне галіны ў свой бок. Самае вялікае дрэва вырашылі памераць па схеме з мультфільма пра 38 папугаяў. Праўда, замест птушак у нас былі рукі людзей: змясцілася 10 чалавек! Цяпер гэтая вярба не будзе займаць месца, якое гэтак патрэбна кулікам.

Першы дзень праходзіць прадуктыўна: ляцяць трэскі і галіны, горы вярбы растуць на вачах. Увечары абарочваемся паглядзець на вынікі: шмат зроблена, але яшчэ больш – чакае!

Раніца другога дня пачынаецца з невялікай экскурсіі на птушак: у трубу глядзім на зуйкоў вялікіх і турухтанаў з Чырвонай кнігі, абмяркоўваем кулікоў-цекуноў, пудзім чародкі кнігавак. Яшчэ праз некалькі хвілін натыкаемся на куліка-вераб’я. Убачыць гэтую птушку – удача.

Натхнёныя птушкамі, вяртаемся да справы. І зноў кусты-дрэвы-галіны. Спяшаемся: трэба паспець зрабіць як мага болей.

– У нашым валанцёрскім летніку апынуліся як даўнія члены АПБ, Захавальнікі ТВП, так і людзі, якія не ёсць членамі арганізацыі і ўвогуле ўбачылі абвестку пра летнік у інтэрнэце, – расказвае каардынатар летніка, менеджар праекта “Прырода важная для ўсіх” Максім Немчынаў. – Так што летнік – выдатная магчымасць перадаць досвед і прыцягнуць новых людзей. Мяркую, з кожным годам памочнікаў будзе ўсё болей! Тураўскі летнік завершаны, але наперадзе шмат іншых мерапрыемстваў. Станавіцеся Захавальнікамі Тэрыторый, важных для птушак, у сваёй мясцовасці і не заставайцеся ўбаку там, дзе патрэбная дапамога!

Валанцёры – даўнія сябры АПБ і навічкі, студэнты і пенсіянеры, біёлагі і праграмісты, гамяльчане і мінчане.…

Усіх нас аб’яднала жаданне на справе дапамагчы птушкам. Дзя-куй!

Вольга Новік, г. Бяроза:

 – Мне вельмі блізкая прырода, таму я тут. Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы, працы не баюся. Усім, хто баіцца запэцкацца і падрапаць ногі і рукі галінамі, магу сказаць: гэта не так страшна, як здаецца. Галоўнае тут у іншым: такой працай ты развіваеш сябе. Рухаешся, а не стаіш на месцы. Ты зносішся з прыродай не праз фотаздымкі і фільмы, а наўпрост: тут і цяпер.

Валанцёрскі летнік праходзіў у рамках праекта “Прырода важная для ўсіх” пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Вікторыя Церашонак, прэс-служба АПБ