image2 15.02.2018

Якія тэхналогіі энергаэфектыўнасці сёння найбольш запатрабаваныя ў ЕС і Беларусі?

Згодна з вынікамі апытання беларускіх гарадоў-падпісантаў Пагаднення мэраў, мерапрыемствы па павышэнні энергаэфектыўнасці будынкаў і цэнтральнага ацяплення ‒ самыя прыярытэтныя тэмы для правядзення навучальных мерапрыемстваў. 8-9 лютага 2018 года ў Мінску адбыўся семінар-трэнінг "Павышэнне энергаэфектыўнасці будынкаў і сістэм ацяплення для дасягнення мэтаў Пагаднення мэраў". Перад удзельнікамі выступілі эксперты з Германіі, Украіны і Беларусі.

DSC_0994.JPG

На адкрыцці мерапрыемства каардынатар праекта ЕС "Падтрымка ініцыятывы Пагаднення мэраў у Беларусі" Наталля Андрэенка падкрэсліла важнасць абранай для трэнінгу тэмы.

‒ Сёння ў гэтай зале сабраліся прадстаўнікі сістэмы ЖКГ практычна ўсіх гарадоў-падпісантаў Пагаднення мэраў ў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у складанні Плана дзеянняў па ўстойліваму энергетычнаму развіццю і клімату. Атрыманыя веды дапамогуць вам распрацаваць мерапрыемствы па зніжэнні энергаспажывання ў будынках і такім чынам дасягнуць сваіх мэтаў у рамках Пагаднення мэраў, ‒ працягнула Наталля.

DSC_0984.JPG

DSC_1058.JPG

Эксперт Балтыйскага экалагічнага форуму Маціяс Грац прадставіў удзельнікам семінара адрозненне сучасных інтэграваных энергасістэм, якія актыўна развіваюцца ў некаторых краінах і гарадах, ад традыцыйных сістэм, заснаваных на выкарыстанні ЦЭЦ і кацельняў. Выкапныя віды паліва паступова саступаюць месца аднаўляльнай энергетыцы (энергіі ветру, сонца, цеплавым помпам). Адначасова з гэтым павышаецца эфектыўнасць вытворчасці, перадачы, захоўвання і спажывання энергіі, а таксама ўкараняюцца IT- і smart-тэхналогіі. Камбінаванне сістэм цеплазабеспячэння і выпрацоўкі электраэнергіі з энергазабеспячэннем транспарту (развіццё электратранспарту) робіць іх яшчэ больш гнуткімі, інтэлектуальнымі і эфектыўнымі. Абавязковым элементам энергасістэмы становіцца захоўванне энергіі, у першую чаргу цеплавой. Гэта дазваляе энергазабеспячэнню быць больш устойлівым у выпадку прыродных катаклізмаў і змен клімату.

DSC_1024.JPG

Тэхналогіі нізкатэмпературнага цеплазабеспячэння прадставіў тэхнічны эксперт Пагаднення мэраў Усход Уладзімір Рак:

‒ Рэгуляванне спажывання цяпла ажыццяўляецца альбо зменай тэмпературы цепланосьбіта, альбо зменай яго расходу, альбо зменай абодвух параметраў. Галоўная перавага першага варыянту ‒ стабільны гідраўлічны рэжым цепласетак, але пры гэтым назіраецца высокая інэрцыйнасць (запазненне рэгулявання цеплавой нагрузкі сістэмы), інтэнсіўная карозія трубаправодаў і іншыя недахопы. Другі варыянт дае больш хуткае рэгуляванне, паніжаны выдатак сеткавай вады і значную эканомію электраэнергіі на транспарціроўку цепланосьбіта, зніжэнне карозіі трубаправодаў, магчымасць прымянення ў мясцовых сетках даўгавечных неметалічных труб і недарагіх метадаў апрацоўкі падсілкавальнай вады.

DSC_1127.JPG

У секцыі "Энергаспажыванне ў будынках" выступілі два замежных спікера ‒ Ларыса Шулдан (асацыяцыя "Энергаэфектыўныя гарады Украіны") і доктар фізікі Вернер Нойман (у мінулым кіраўнік муніцыпальнага энергетычнага агенцтва Франкфурта на працягу больш чым 20 гадоў).

DSC_1132.JPG

Ларыса Шулдан распавяла аб будаўнічых канструкцыях і цепластратах у будынках, адзначыўшы, што Беларусь і Украіна па нормах у гэтых адносінах знаходзяцца на ўзроўні Германіі і Швецыі 2012 года.

DSC_1147.JPG

У сваю чаргу, Вернер Нойман падзяліўся еўрапейскім вопытам аналізу энергаспажывання ў будынках. Ключавым фактарам поспеху з'яўляецца адладжаная сістэма энергаменеджменту ў муніцыпалітэце, калі дадзеныя па спажыванні ўсімі аб'ектамі пастаянна збіраюцца і аналізуюцца, а на аснове аналізу распрацоўваюцца энергаэфектыўныя мерапрыемствы. Фактычнае энергаспажыванне неабходна параўноўваць з разліковымі паказчыкамі, з дадзенымі за аналагічны перыяд мінулых гадоў і з дадзенымі для іншых будынкаў такога ж прызначэння ў горадзе. Зручна, калі дадзеныя збіраюцца аўтаматычна і дазваляюць рабіць параўнальныя дыяграмы. Разлік супраціву цеплаперадачы для розных будаўнічых канструкцый будынкаў таксама можа быць зроблены з дапамогай праграмы www.u-wert.net.

DSC_1155.JPG

Арганізатарамі трэнінга-семінара "Павышэнне энергаэфектыўнасці будынкаў і сістэм ацяплення для дасягнення мэтаў Пагаднення мэраў" выступілі фонд "Інтэракцыя", МГА "Экапартнёрства", Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Рэспублікі Беларусь і РСЭГА "Жывое партнёрства". Мерапрыемства прайшло пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза (праект «Пагадненне мэраў Усход 2» і праект «Падтрымка ініцыятывы Пагаднення мэраў у Беларусі»), праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага Урада Германіі.