Падтрымка ініцыятывы "Пагадненне мэраў" у Беларусі

Пра праект:

Тэрміны: 01.05.2016 – 30.04.2020

Бюджэт: 663 090, 37 €; унёсак ЕС - 629 604,30 €

Арганізацыя-выканаўца: Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Экапраект “Партнёрства”

Геаграфія: Беларусь

Апісанне

Больш за 9,5 тысяч гарадоў і раёнаў у розных краінах ужо далучыліся да еўрапейскай ініцыятывы “Пагадненне мэраў”, узяўшы на сябе абавязальніцтва скараціць выкіды парніковых газаў к 2030 году на 40%. У Беларусі ўжо 47 гарадоў-удзельнікаў Пагаднення. Пасля далучэння горад чакае цяжкая праца па распрацоўцы захадаў для скарачэння выкідаў парніковых газаў і адаптацыі да змены клімату. Для дасягнення мэтаў гораду неабходна дапамога спецыялістаў і абмен досведам з іншымі гарадамі-ўдзельнікамі.

Мэты і задачы: Прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да Пагаднення мэраў. Наладзіць эфектыўнае супрацоўніцтва мясцовых уладаў, грамадскіх арганізацый і нацыянальных органаў дзяржаўнага кіравання ў сферы энергетыкі і змянення клімату. Гэтыя захады будуць спрыяць паспяховай рэалізацыі абавязальніцтваў, узятых на сябе беларускім бокам Пагаднення, а таксама ўцягненню ў ініцыятыву новых удзельнікаў з Беларусі.

Прамежкавыя вынікі: За 3 гады рэалізацыі праекта колькасць беларускіх гарадоў, якія ўдзельнічаюць у Пагадненні мэраў па энергіі і клімаце, вырасла з 11 да 47. Для прадстаўнікоў гэтых гарадоў праводзяцца навучальныя трэнінгі і канферэнцыі, на якіх яны пашыраюць свае веды аб энергаэфектыўнасці і адаптацыі да змены клімату. «Экапартнёрства» кансультуе гарады па падрыхтоўцы планаў дзеянняў устойлівага развіцця і клімату.

Пры падтрымцы праекта былі рэалізаваныя 10 мясцовых ініцыятыў па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і адаптацыі да змены клімату з агульным бюджэтам каля 220 тысяч еўра.

Дзякуючы мясцовым ініцыятывам у 8 гарадах Пагаднення мэраў было высаджана 17 300 дрэў і кустоў, пабудавана 8,5 км веладарожак, усталявана 36 велапарковак і 44 энергаэфектыўныя вулічныя ліхтары, 22 геліякалектары, мадэрнізавана 3 гарадскія кацельні. Усе ініцыятывы актыўна працавалі з мясцовымі жыхарамі і падвышалі іх узровень ведаў па пытаннях энергазберажэння і змены клімату. У мерапрыемствах узялі ўдзел больш за 8 тысяч чалавек.

Штогод пры падтрымцы праекта Еўрапейскага саюза сталі праводзіцца Дні энергіі – мерапрыемствы, якія знаёмяць людзей з пытаннямі энергаэфектыўнасці і змены клімату. У 2018 годзе ў рамках Еўрапейскага тыдня ўстойлівай энергіі Дні энергіі прайшлі ў 27, а ў 2019 – у 35 беларускіх гарадах.

Для гарадоў-падпісантаў створана інтэрнэт-старонка climate.ecopartnerstvo.by і штомесяц выходзіць навінавая рассылка.

Кантакты: Наталля Андрэенка, каардынатар праектаў па энергіі і клімаце

+375 17 336 01 90, +375 29 706 85 45, na@ecopartnerstvo.by