image2 11.10.2016

Беларускія гарады пачынаюць ацэньваць рызыкі, звязаныя са змяненнем клімату

Прадстаўнікі 16 беларускіх гарадоў 5–6 кастрычніка 2016 года ўзялі ўдзел у семінары-трэнінгу па пытаннях уплыву змены клімату на гарадскую гаспадарку. Яны навучыліся ацэньваць рызыкі і даведаліся пра магчымасці атрымання фінансавай падтрымкі ў рамках еўрапейскай ініцыятывы па энергіі і клімаце “Пагадненне мэраў”. Мерапрыемства было арганізавана МГА “Экапартнёрства” і Брэсцкім гарадскім выканаўчым камітэтам.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі гарадоў, якія плануюць далучыцца да Пагаднення мэраў па энергіі і клімаце альбо ўжо з’яўляюцца яго падпісантамі. Удзел у еўрапейскай ініцыятыве прадугледжвае выкананне шэрагу абавязальніцтваў па зніжэнні выкідаў парніковых газаў. У той жа час яна дае гарадам дадатковыя магчымасці па прыцягненні міжнароднага фінансавання.

На адкрыцці мерапрыемства старшыня МГА “Экапартнёрства” Юлія Яблонская падкрэсліла, што праца гарадоў па зніжэнне выкідаў парніковых газаў на мясцовым узроўні адпавядае кліматычнай палітыцы Беларусі. Падпісаўшы Парыжскае пагадненне па энергіі і клімаце, краіна ўзяла на сябе абавязальніцтва скараціць выкіды парніковых газаў к 2030 году на 28%.

Нацыянальны эксперт “Пагаднення мэраў Усход II” Іван Шчадронак пазнаёміў прысутных з этапамі развіцця еўрапейскай ініцыятывы па энергіі і клімаце, а таксама з механізмам далучэння да яе.

Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук выказаў упэўненасць, што Брэст будзе актыўна працаваць у сферы памяншэння горадам выкідаў парніковых газаў. Год таму горад падпісаў Пагадненне мэраў па энергіі і клімаце і цяпер распрацоўвае неабходную дакументацыю – Кадастр выкідаў парніковых газаў і Ацэнку рызык, звязаных са змяненнем клімату.

На семінары-трэнінгу прадстаўнікам гарадоў падрабязна распавялі пра прычыны і наступствы змены клімату, асноўныя рызыкі і прапанаваныя захады па адаптацыі.

– Беларусь “нясе адказнасць” менш чым за 1% сусветных выкідаў парніковых газаў. У той жа час, паводле ацэнкі экспертаў Сусветнага банка рэканструкцыі і развіцця, яна адносіцца да краін з адносна высокай ступенню метэаралагічнай уразлівасці эканомікі, – адзначыў выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Алег Такарчук.

У сваім выступе ён падрабязна распавёў пра рызыкі для такіх сфер, як жыллёва-камунальная гаспадарка, транспарт, ахова здароўя. Напрыклад, можа пагоршыцца забяспечанасць вадой у населеных пунктах без цэнтралізаванага водазабеспячэння з-за паніжэння ўзроўню першага падземнага ваданоснага гарызонту.

brest2.jpg

Як распрацаваць меры па адаптацыі горада ў рамках Пагаднення мэраў па энергіі і клімаце, растлумачыў прадстаўнік ЗАТ “Тэхнапарк Магілёў” Васіль Малачкоў.

Сярод удзельнікаў семінара-трэнінгу былі прадстаўнікі беларускіх гарадоў, якія ўжо некалькі гадоў паспяхова працуюць у галіне энергаэфектыўнасці і адаптацыі гарадской гаспадаркі да змены клімату. Ім была прапанаваная магчымасць падзяліцца сваім досведам з калегамі падчас дыскусіі.

На мерапрыемстве таксама быў прадстаўлены досвед Украіны па працы ў рамках Пагаднення мэраў па энергіі і клімаце. Намеснік дырэктара Асацыяцыі “Энергаэфектыўныя гарады Украіны” Мар’яна Прыступа распавяла, як стваралася сістэма энергетычнага менеджменту ва ўкраінскіх гарадах. Яна ўключала ў сябе такія этапы, як распрацоўку мэт і задач энергетычнай палітыкі, падрыхтоўка інструкцый і кіраўніцтва для энергаменеджара, стварэнне энергетычнай рабочай групы.

brest4.jpg

– Распрацоўка і ўкараненне сістэмы энергаменеджменту – гэта толькі пачатак шляху, а перыядычная ацэнка адпаведнасці – гэта тое, што дазволіць зрабіць паляпшэнні бесперапыннымі, – падкрэсліла Мар’яна Прыступа.

У другі дзень семінара ўдзельнікі наведалі Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод, комплекс па перапрацоўцы драўняных адходаў у біяпаліва на базе ВКУП “Камунальнік”, кацельню “Кацін Бор” і водазабор “Заходні”, дзе азнаёміліся з перадавымі “зялёнымі” тэхналогіямі.

Семінар-трэнінг прайшоў у рамках праекта ЕС “Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі”, што рэалізуецца МГА “Экапартнёрства”.