1 чэрвеня Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі правяло Дзень зялёнай эканомікі ў Мінскай вобласці. Дадзенае мерапрыемства — частка інфармацыйнага цыклу «Прасоўванне зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь: прынцыпы, механізмы, перспектывы» і рэалізуецца пры ўдзеле Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама Мінскага аблвыканкама. Удзельнікамі падзеі сталі больш чым 40 кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, прадстаўнікоў выканаўчай улады і акадэмічнай супольнасці, розных грамадскіх арганізацый, журналісты.
Задача інфармацыйнага цыклу — пашырыць веды аўдыторыі аб прынцыпах зялёнай эканомікі, прадставіць практычныя вынікі розных праектаў у гэтай сферы, у дыскусійнай форме абмеркаваць актуальныя пытанні, пазначыць магчымасці, якія зрабіліся б штуршком для рэалізацыі зялёных праектаў, у тым ліку рэгіянальных.
Тэмы, якія былі закранутыя ў першай, экспертнай, частцы інфадня, тычыліся арганічнай сельскай гаспадаркі, абыходжання з адходамі, механізмаў экалагічнага бізнесу, сучасных метадаў, накіраваных на развіццё ў насельніцтва «зялёнага» мыслення. Перад удзельнікамі выступілі прадстаўнікі Цэнтра экалагічных рашэнняў Любамір Клепач і Дзмітрый Буронкін, старшыня МГА «Экапартнёрства» Юлія Яблонская, арганізатары экалагічнага фестывалю «Пастарнак» Уладзімір Маляўка і Яўгенія Арлова.
Мерапрыемства прайшло ў Смалявіцкім раёне на тэрыторыі пілотнай ініцыятывы па стварэнні сеткі інавацыйна-дэманстрацыйных пляцовак па земляробстве і арганічнай сельскай гаспадарцы ГА «Беларускі зялёны крыж». Дадзеная ініцыятыва рэалізуецца ў межах праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусьда зялёнай эканомікі», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам (рэалізацыя Праграмы развіцця ААН). Тэматычны каардынатар праекта Пётр Сачак выступіў з прэзентацыяй «Падвядзенне прамежкавых вынікаў укаранення ідэй і прынцыпаў зялёнай эканомікі і рэалізацыі пілотных ініцыятываў». Цягам чатырох інфармацыйных дзён, якія ўжо прайшлі ў Брэсце, Віцебску, Гродзенскай вобласці і Гомелі, слухачам інфадня былі прадстаўленыя практычныя вынікі ініцыятыў па вытворчасці экалагічна бяспечнага антыфрызу, пашырэнні магчымасцяў выкарыстання турыстычнага патэнцыялу асабліва ахоўваных прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь (на прыкладзе турыстычнага маршруту ГПУ «Азёры»), стварэнні комплексу па перапрацоўцы драўняных адходаў у дранку.
Мерапрыемства ў Мінскай вобласці завяршылася наведваннем аб'екта «Зялёны дах» на базе Мар'інагорскай гімназіі (ініцыятыва «Азеляненне дахаў будынкаў» ГА «Пухавіцкі край»).