image2 01.04.2020

Новы ўчастак роварнага маршруту EuroVelo-2 адкрываецца да пачатку турыстычнага веласезона

Да пачатку турыстычнага веласезона адкрываецца новы ўчастак роварнага маршруту EuroVelo-2 «Налібоцкая пушча ‒ Белавежская пушча». Веламаршрут звязвае сабой усю Еўропу: пачынаецца на заходнім узбярэжжы Ірландыі і праходзіць па тэрыторыі Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Германіі, Польшчы і Беларусі.

Раней распрацаваны ўчастак звязвае паміж сабою Мінск, Мінскае мора, Ратамку, Заслаўе, Ракаў, турыстычны кластар Валожыншчыны, Налібоцкую пушчу. Новы ўчастак праходзіць праз такія месцы і славутасці як рака Нёман, Любчанскі замак, сядзіба Храптовічаў у Шчорсах, Навагрудак, возера Свіцязь, Слонім, Жыровічы, Косаўскі замак, замак Сапегаў у Ружанах, палац Швыкоўскіх у Пружанах, Белавежская пушча.

На пераадоленне дыстанцыі ў 480 кіламетраў з Мінска ў Белавежскую пушчу з аглядам усіх цікавых месцаў нават у падрыхтаванага раварыста сыдзе больш за тыдзень.

Веламаршрут EuroVelo-2 ‒ гэта рэкамендаваны з пункту гледжання цікавасці і дарожнай бяспекі шлях руху раварыстаў. Ён праходзіць па дарогах агульнага карыстання, лясных дарогах, веладарожках.

Веламаршрут прызначаны для раварыстаў, якія вандруюць самастойна. На распрацаваным участку «Налібоцкая пушча ‒ Белавежская пушча» збіцца з маршруту ім не дадуць спецыяльна ўсталяваныя велатурыстычныя знакі і інфармацыйныя стэнды.

Інфармацыя аб маршруце прадстаўлена на сайце Eurovelo.by. Тут вы можаце спампаваць на свой тэлефон трэк маршруту, даведнік, праглядзець апісанне цікавых месцаў маршруту. Пазначаныя месцы начлегу і харчавання дазваляюць праехаць па маршруце з камфортам ‒ палаткі і катлы гэтым разам можна пакінуць дома.

Участак роварнага маршруту EuroVelo-2 «Налібоцкая пушча ‒ Белавежская пушча» распрацаваны ў рамках праекта «Гарадскі роварны рух у Беларусі», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам, які рэалізуецца установай «Цэнтр экалагічных рашэнняў» і грамадскім аб'яднаннем «Мінскае роварнае таварыства».