Развіццё гарадскога роварнага руху ў інтарэсах грамадскасці Рэспублікі Беларусь

Пра праект:

Тэрміны: 01.03.2017 – 31.03.2020

Бюджэт: агульны – 630,173.65 €, унёсак ЕС –560,855 €

Арганізацыя-выканаўца: Установа «Цэнтр экалагічных рашэнняў», Грамадскае аб’яднанне «Мінскае роварнае таварыства»

Геаграфія: Мінск, Гродна, Магілёў, Брэст і Гомель. Любы населены пункт Беларусі можа падключыцца да ўдзелу ў праекце

Апісанне

Хоць для многіх ровар па-ранейшаму асацыюецца з адпачынкам, у апошнія гады назіраецца значны рост цікавасці да ровара як да паўнавартаснага транспартнага сродку. Вынікі параўнальнага даследавання грамадскай думкі ў Мінску ў 2017 і 2019 гадах паказваюць, што людзі сталі лічыць ровар добрай заменай перамяшчэнню пешкі або на аўтамабілі, але не грамадскаму транспарту. Пры гэтым амаль усе апытаныя адзначаюць, што велаінфраструктуру трэба працягваць развіваць, у першую чаргу, трэба факусаваць увагу на дазволе перамяшчэння на ровары па праезнай частцы.

Мэты і задачы: Распрацаваць план устойлівага развіцця роварнага руху і палепшыць роварную інфраструктуру ў Беларусі. Стымуляваць гараджан выкарыстоўваць ровар у якасці паўсядзённага транспарту.

Вынікі праекта: У 2018 годзе пры ўдзеле экспертнай каманды праекта ўступіла ў сілу Канцэпцыя развіцця роварнага руху ў Рэспубліцы Беларусь, прынятая пастаяннай камісіяй па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры Савеце Міністраў Беларусі. На яе падставе гарадскія і абласныя выканаўчыя камітэты пры тэматычнай падтрымцы экспертаў праекта распрацоўваюць гарадскія стратэгічныя планы развіцця роварнага руху.

У 2018 годзе Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт прыняў Стратэгічны план развіцця роварнага руху ў сталіцы да 2020 года.

Была створаная пасада велаафіцэра пры Мінскім роварным таварыстве (дарадца па пытаннях развіцця велатранспартнай інфраструктуры). За перыяд рэалізацыі праекта праведзена больш за 40 рабочых сустрэч і перамоў з ключавымі ўдзельнікамі: ДАІ, гарадскімі адміністрацыямі, планіроўшчыкамі. Пры ўдзеле велаафіцэра і экспертаў каманды праекта быў распрацаваны і рэалізаваны праект велапаласы на праезнай частцы па вуліцы Веры Харужай у Мінску.

Рэалізацыя праекта ўключала правядзенне шэрагу даследаванняў, у тым ліку сацыя-эканамічную ацэнку выгод развіцця роварнага руху ў Мінску, маштабныя сацыялагічныя даследаванні грамадскай думкі аб развіцці веларуху ў гарадах. Распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па стварэнні роварных маршрутаў, дапаможнік для велашкол, буклет з рэкамендацыямі па правілах дарожнага руху для раварыстаў. Усе атрыманыя за час праекта досвед і даследаванні сабраныя на сайце rovar.info.

Праект стаў арганізатарам/суарганізатарам масавых рэспубліканскіх і мясцовых мерапрыемстваў, у тым ліку і самых буйных: праект «Велашкола для дарослых», конкурс «Дзелавы ровар», Велалетнік для актывістаў, Еўрапейскі тыдзень мабільнасці, Дзень без аўтамабіля, акцыя «На працу на ровары ўзімку», якая прайшла ў Беларусі ўпершыню.

У рамках праекта праводзіліся публічныя лекцыі з вядучымі міжнароднымі экспертамі веласіпеднай тэматыкі, тры адукацыйныя сесіі для веласіпедных НДА, форум «ПраРовар», у якім узялі ўдзел прадстаўнікі сямі краін і больш за 500 удзельнікаў за тры гады, і спецыялізаваная канферэнцыя «ПраРовар. Турызм».

Створаны тры новыя велаарганізацыі ‒ ГА «ВелаГомель» (Гомель), МГА «Салянка» (Мінск) і ГА «Велаклуб Вярста» (Наваполацк). 23 недзяржаўныя і дзяржаўныя некамерцыйныя арганізацыі па ўсёй Беларусі па выніках конкурсу заявак атрымалі падтрымку сваёй дзейнасці.

У 18 населеных пунктах Беларусі, у якіх праводзіліся мерапрыемствы праекта, усталявана 20 парковак для ровараў, 21 веламаячок для самастойнага рамонту ровараў, два велагаражы, распрацавана пяць новых роварных маршрутаў, пачалі працу сем велашкол па навучанні яздзе на ровары і ПДР для дзяцей і дарослых, 22 ровары перададзеныя розным арганізацыям для выканання працоўных задач, распрацавана два праекты арганізацыі дарожнага руху з улікам патрэб раварыстаў.

Прапрацавана 350 км беларускай часткі роварнага маршруту «EuroVelo-2» па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. На дадзеным этапе ўсталявана 11 навігацыйных стэндаў з апісаннем маршруту па яго праходжанні, распрацаваны гайд, дапрацаваны сайт eurovelo.by, распрацаваны аўдыягід і ўсталяваныя маркіровачныя знакі.

Таксама ў Мінску з’явіўся лічыльнік раварыстаў, усталяваны па праспекце Незалежнасці, 43. Велалічыльнік кругласутачна падлічвае, колькі раварыстаў праехала па веладарожцы, што дае вельмі каштоўную статыстыку для планавання далейшых мерапрыемстваў па развіцці роварнага руху.

ТОП-12 веласіпедных змяненняў у Беларусі

Кантакты: Дар’я Чумакова, намеснік дырэктара ўстановы «Цэнтр экалагічных рашэнняў», менеджар праекта

+375172374070, +375296928875, chumakova@ecoidea.by

Спасылкі ў інтэрнэце: 

www.bike.org.by

rofar.info

www.ecoidea.by