Комплексная сістэма па зборы і перапрацоўцы адпрацаваных машынных алеяў створана ў Барысаўскім і Крупскім раёнах Мінскай вобласці. Прыняць удзел у «зялёным» праекце па перапрацоўцы адходаў змогуць як прадпрыемствы раёнаў, так і мясцовыя жыхары. Наладзіць збор адпрацаваных алеяў для іх наступнай перапрацоўкі дазволяць 50 новых спецыялізаваных пунктаў, у шасці з якіх насельніцтва можа здаць адпрацаваныя алеі і атрымаць грошы.
Паспяховая рэалізацыя ініцыятывы дазволіць забяспечыць другасную перапрацоўку адпрацаваных машынных алеяў, пазбегнуць іх зліву ў глебу і спальвання ў печах і, тым самым, паменшыць забруджванне навакольнага асяроддзя. Адпрацаваныя алеі – небяспечныя адходы: усяго адзін літр адпрацаванага маторнага алею, вылітага ў глебу, робіць непрыдатнымі 100-1000 тон грунтовых вод, а прадукты спальвання алеяў утрымліваюць цяжкія металы і канцэрагены. Такім чынам, стварэнне сістэмы па зборы і перапрацоўцы адпрацаваных алеяў дазволіць паменшыць негатыўны ўплыў як на прыроду, так і на здароўе чалавека.
Пілотная сістэма створана арганізацыяй «Экалагічная ініцыятыва» ў рамках праекта «Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН пры фінансавай падтрымцы Eўрапейскага саюза.
Для стварэнні комплекснай сістэмы за сродкі ЕС былі закуплены і ўсталяваны 50 кантэйнераў, якія не дапускаюць праліваў, а таксама пяцісекцыйная цыстэрна для іх бяспечнай перавозкі, што дазваляе сартаваць алет ўжо на стадыі збору. У хуткім часе колькасць усталяваных кантэйнераў павялічыцца да 70.
«Зялёныя» кантэйнеры для збору адпрацаваных алеяў з'явіліся на 50 прадпрыемствах Барысаўскага і Крупскага раёнаў, што сталі партнёрамі ініцыятывы. У іх ліку такія буйныя арганізацыі, як «Барысаўдрэў», «Барысаўская фабрыка Дзяржзнака», «Крупскае кіраванне магістральных газаправодаў ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» і іншыя. А шэсць кропак прыёму адпрацаваных алеяў ад насельніцтва былі адкрыты на базе ўжо існуючых пунктаў прыёму другаснай сыравіны і на перапрацоўчым прадпрыемстве – іх адрасы можна знайсці па спасылцы.
Транспартаванне адпрацаваных алеяў з пунктаў збору да месца перапрацоўкі забяспечвае адмыслова распрацаваная лагістычная схема. Перапрацоўка сабраных алеяў наладжана на адкрытым у 2015 годзе комплексе «ДВЧ – Менеджмент» у Крупках ў Мінскай вобласці.
Пры распрацоўцы новай сістэмы збору і перапрацоўкі адпрацаваных алеяў улічваўся вопыт еўрапейскіх краін у гэтым кірунку. Інавацыйная для Беларусі сістэма дазволіць збіраць і перапрацоўваць на прадпрыемстве 10 тон адпрацаваных алеяў у квартал. Ужо сёння прадукты перапрацоўкі алеяў, сабраных у рамках новай сістэмы, выкарыстоўваюцца пры вытворчасці сценавых панэляў у будаўніцтве, рэагентаў для транспарціроўкі калію, а таксама роварных змазак.
Прыклад рэалізацыі пілотнай ініцыятывы ў Барысаўскім і Крупскім раёнах стане асг для стварэння сістэмы збору і перапрацоўкі адпрацаваных алеяў у маштабе краіны. Па папярэдніх разліках, калі ў Беларусі будзе збірацца 50% адпрацаваных алеяў, якія сёння знаходзяцца па-за афіцыйным зваротам (прыблізна 40 000 тон), то эканамічны эфект дзяржаве ад падатковых паступленняў і імпартазамяшчэння складзе каля 18 млн даляраў ў год. Далейшае развіццё комплекснай сістэмы па зборы і перапрацоўцы адпрацаваных алеяў таксама дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы.
Праект «Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», у рамках якога рэалізавана пілотная ініцыятыва, аказвае спрыянне Рэспубліцы Беларусь у фарміраванні эканамічнага ўзросту, заснаванага на «зялёных» прынцыпах, уключаючы экалагічна ўстойлівае і эканамічна мэтазгоднае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, прасоўванне экалагічна ўстойлівай вытворчасці і спажывання, стварэнне «зялёных» працоўных месцаў, змену мадэляў паводзін і функцыянавання прадстаўнікоў мэтавых груп у бок большай экалагічнай устойлівасці. Бюджэт праекта – 5 000 000 еўра.