image2 16.10.2019

Беларусь: сацыяльна ўразлівая моладзь набывае жыццёвыя навыкі для працаўладкавання

9-11 кастрычніка ў Ждановічах пад Мінскам быў праведзены навучальны курс па жыццёвых навыках і працаўладкаванні ў рамках праграмы EU4Youth. У ім узялі ўдзел сацыяльна неабароненыя маладыя людзі з аддаленых рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 18 да 31 года.

Трэнінг правялі дасведчаныя трэнеры Вольга Шмігельская і Юлія Якубовіч з НУА «Ліга добраахвотнай працы моладзі».

На працягу трох дзён трэнінгу маладыя мужчыны і жанчыны вывучалі асноўныя прылады для атрымання работы і ўзаемадзеяння з грамадствам. Яны навучыліся ставіць мэты і вызначаць шляхі іх дасягнення, знаходзіць спосабы эфектыўнай камунікацыі – як вербальнай, так і невербальнай, выпрабавалі сябе ў якасці лідараў, усталявалі эфектыўнае ўзаемадзеянне з іншымі людзьмі, выявілі прычыны канфліктаў, спосабы іх вырашэння, магчымасці бесканфліктных паводзін і многія іншыя важныя аспекты жыцця.

Адным з удзельнікаў быў Ільяс Ялкапаў з Туркменістана, які вывучае кіраванне прадпрыемствамі ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце.

«У Туркменістане я не сканчаў ніводнай навучальнай установа – я проста вучыўся ўсім навыкам метадам спроб і памылак», – кажа Ільяс. «Некаторыя з тэм на трэнінгу былі сапраўдным адкрыццём. І некаторыя я ведаў і да трэнінгу, але ў мяне не было выразнага разумення, як з імі працаваць. Напрыклад, блок аб пастаноўцы мэт і апісанні таго, як іх дасягнуць, быў менавіта тым, што мне было трэба! Я стаўлю шмат мэт, але не заўсёды ведаю, як падзяліць іх на невялікія задачы, якія я мог бы вырашыць крок за крокам».

Алеся Сячко, удзельніца з Лоева, кажа, што яна шмат што даведалася пра тое, як узаемадзейнічаць з іншымі: «Я не ўмею мякка выказваць сваю пазіцыю. У асноўным людзям не падабаецца такі падыход. На трэнінгу па жыццёвых навыках трэнеры прапаноўвалі розныя тэхнікі для самапрэзентацыі, прадстаўлення сваёй пазіцыі і ўзаемадзеяння з людзьмі на вербальным і невербальным узроўні. Я думаю, мне будзе лягчэй выбудоўваць стасункі з людзьмі, вывучыўшы гэтыя тэхнікі », – сказала яна.

Падобны трэнінг быў праведзены 15–18 верасня для іншай групы ўдзельнікаў з Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

Трэнінгі праводзяцца ў рамках праекта «EU4Youth: Развіццё патэнцыялу для працаўладкавання», які рэалізуецца Беларускім Чырвоным Крыжам і фінансуецца Еўрапейскім саюзам, кажа каардынатар праекта Ірына Стрэха.

На працягу трох гадоў у рамках праекта будзе праведзена 10 трэнінгаў па развіцці прадпрымальніцкіх ідэй, 12 трэнінгаў па жыццёвых навыках і 6 трэнінгаў па эфектыўным пошуку працы.

Праект дапамагае сацыяльна неабароненым маладым людзям ва ўзросце ад 18 да 31 года набыць карысныя навыкі і павысіць свае шанцы на паспяховую працу або адкрыццё бізнесу. Падобныя мерапрыемствы таксама ажыццяўляюцца ў Арменіі і Грузіі.

Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам у рамках ініцыятывы EU4Youth.

Даведацца больш:

EU4Youth: Развіццё патэнцыялу для працаўладкавання