image2 11.10.2017

Беларускія ўлады і НДА вывучылі, як замежныя гарады памяншаюць уплыў на клімат і адаптуюцца да яго змяненняў

Прадстаўнікі 10 беларускіх гарадоў перанялі вопыт Германіі і Даніі ў сферы ўстойлівага развіцця гарадоў. З 24 па 29 верасня 2017 года быў арганізаваны азнаямленчы візіт для прадстаўнікоў гарадоў, якія падпісалі Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі.

У азнаямленчым візіце змаглі прыняць удзел прадстаўнікі органаў улады і грамадскіх арганізацый з Віцебска, Брэста, Бярозы, Мастоў, Клічава, Слаўгарада, Кармы, Вілейкі, Чавусаў, Веткі. Удзельнікі візіту наведалі гарады, якія з'яўляюцца прыкладам паспяховай работы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і адаптацыі гарадской інфраструктуры да змены клімату.

g7.jpg

Знаёмства з еўрапейскім вопытам пачалося з нямецкага горада Фленсбург. Муніцыпалітэт паставіў мэту дасягнуць кліматычную нейтральнасць да 2050 года. Для гэтага ў 2008 годзе быў створаны Кліматычны Пакт з удзелам шэрагу мясцовых кампаній і ўстаноў і пасля шматбаковых кансультацый у 2011 годзе была распрацавана інтэграваная канцэпцыя абароны клімату Фленсбурга, якая прадугледжвае тэрмамадэрнізацыю будынкаў, замяшчэнне выкапнёвага паліва на аднаўляльныя крыніцы энергіі, аптымізацыю цэнтралізаваных цепласетак і генерыруючых крыніц, энергазберагальныя мерапрыемствы на прамысловых прадпрыемствах, электрыфікацыя транспарту і развіццё веларуху.

study4.jpg

У Брэмене ўдзельнікі візіту пазнаёміліся з развіццём гарадской транспартнай сістэмы з нізкім узроўнем выкідаў. Улады надалі вельмі шмат часу і ўвагі зборы прапаноў ад жыхароў горада па паляпшэнню інфраструктуры для грамадскага транспарту, пешаходнага і веласіпеднага руху. На некаторых вуліцах веласіпедысты карыстаюцца прыярытэтам перад машынамі і пешаходамі, асобныя вуліцы сталі цалкам веласіпеднымі. Па ўсім горадзе абсталявана вялікая колькасць веластаянак. У выніку рэалізаваных мерапрыемстваў доля веласіпедыстаў у Брэмене складае 26%, што з'яўляецца лепшым паказчыкам сярод буйных нямецкіх гарадоў.

study5.jpg

У дацкім горадзе Содэнборг удзельнікі азнаямленчага візіту пазнаёміліся з праектам па стварэнні "вугляродна нулявой суполкі". Многае ўжо дасягнута ‒ у 2016 годзе выкіды парніковых газаў у горадзе ўжо скараціліся на 35% у параўнанні з 2007 годам і скароцяцца на 50% да 2020 года. Дадзены эфект быў дасягнуты дзякуючы пашырэнню сеткі цеплазабеспячэння з выкарыстаннем біямасы і сонечнай энергіі, аснашчэнню вулічнага асвятлення святлодыёдамі, рэнавацыі будынкаў, энергетычнаму  кансультаванню хатніх гаспадарак і інфармацыйнай працы са школамі. На тэрыторыі раёна Содэнборга за сродкі інвестараў і камуны пабудаваныя энергапасіўныя будынкы прафесійнай школы і спартыўнай залы. Муніцыпалітэт паставіў мэту дасягнуць кліматычнай нейтральнасці да 2029 года. Акцэнт ставіцца на развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства і стварэнне "зялёных" працоўных месцаў. Шмат увагі надаецца ўключэнню ў дзейнасць па абароне клімату розных зацікаўленых бакоў: камерцыйных кампаній, забудоўшчыкаў, крам, фермераў, універсітэта, школ і жыхароў. Удзельнікі азнаямленчага візіту наведалі офіс кампаніі Данфос у Содэнборге і даведаліся пра апошнія тэндэнцыі ў развіцці сістэм цэнтралізаванага ацяплення.

study7.jpg

У Гамбургу ўдзельнікі пазнаёміліся, як горад мінімізуе рызыкі, звязаныя з паводкай і неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я. Горад далучыўся да Пагаднення мэраў у 2008 годзе. У апошнія гады жыхары Гамбурга назіраюць сухое лета, суровыя зімы, моцныя вятры восенню і вясной. Узровень вады ў Эльбе можа падымацца да 7 метраў за кошт прыліваў і адліваў Паўночнага мора, а таксама ападкаў. Удзельнікі азнаямленчага візіту наведалі галоўную гарадскую дамбу, квартал Хафэн Сіці, пабудаваны на месцы марскога порта, і "зялёны дах" ва ўніверсітэце. Для адаптацыі да зменаў клімату ў гарадской адміністрацыі створана спецыяльнае падраздзяленне ‒ Цэнтр абароны клімату. Падраздзяленне адказвае за доўгатэрміновы маніторынг кліматычных наступстваў, правядзенне мерапрыемстваў па адаптацыі і рэгулярную справаздачнасць.

IMG_20170928_102122.jpg

Удзельнікі візіту высока ацанілі насычанасць і карыснасць праграмы, а таксама спадзяюцца прымяніць замежны вопыт у сваіх гарадах.

‒ Падчас візіту было прадстаўлена шмат карыснай інфармацыі, а таксама на практыцы можна было ўбачыць рэалізацыю мясцовых рашэнняў. Уся атрыманая інфармацыя будзе выкарыстоўвацца пры рэалізацыі Плана дзеянняў па ўстойліваму развіццю Чавусаў і Плана гарадской мабільнасці, ‒ адзначыў намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Андрэй Верхаводкін.

Азнаямленчы візіт "Устойлівае развіццё гарадоў" прайшоў пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза (праект "Падтрымка ініцыятывы "Пагадненне мэраў" у Беларусі") і Праграмы падтрымкі Федэральнага ўрада Германіі (праект "Экалагічны менеджмент як інструмент нарошчвання патэнцыялу мясцовай супольнасці ў інтарэсах яго ўстойлівага развіцця"). Арганізатарамі мерапрыемства выступілі МГА "Экапартнёрства», РСЭГА "Жывое партнёрства" і Балтыйскі экалагічны форум Германіі.


Даведка:

Праект Еўрапейскага саюза "Падтрымка ініцыятывы "Пагадненне мэраў" у Беларусі" рэалізуецца ў 2016-2019 гадах, яго бюджэт складае 663 тысячы еўра. Больш інфармацыі на climate.ecopartnerstvo.by.