image2 29.05.2018

Беларускія гарады рыхтуюцца да правядзення Дзён Энергіі. 4 крокі для паспяховай камунікацыі

Рэагуючы на змены клімату, ужо 42 гарады і гарадскіх пасёлкі Беларусі далучыліся да ініцыятывы “Пагадненне Мэраў - Усход”. Для рэалізацыі Пагаднення, гарады прадпрымаюць смелыя і неадкладныя рашэнні, будуюць новыя веласіпедныя дарожкі, пераходзяць на энергаэфектыўнае асвятленне, праектуюць зялёныя гарадскія прасторы і інш.

17-18 мая на семінары ў Нясвіжы удзельнікі з 30 гарадоў разбіраліся, як праводзіць інфармацыйныя кампаніі на тэму энергіі і клімату. Перад удзельнікамі стаяла задача палепшыць свае веды і навыкі выкарыстання нестандартных шляхоў інфармавання насельніцтва, а таксама падрыхтавацца да міжнароднай акцыі «Дні Энергіі», якая сёлета пройдзе з 4 па 8 чэрвеня. Пры гэтым не пакідаць па-за ўвагай асноўныя тэмы - барацьбу са зменамі клімату і выкарыстанне альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Прапануем некалькі карысных крокаў, якія, на думку ўдзельнікаў, варта зрабіць кожнаму арганізатару экалагічнай інфармацыйнай кампаніі, каб дасягнуць пажаданага выніку:

Ставім мэты правільна!

Недастаткова проста прыцягнуць увагу да падзеі і праінфармаваць свае мэтавыя аўдыторыі аб ім. Самае важнае - судзейнічаць зменам у мысленні і паводзінах людзей. У календары нацыянальных і міжнародных святаў запланавана шмат розных і значных дат, сярод якіх і экалагічныя даты, многія з якіх ужо даўно адзначаюцца ў Беларусі. Так, штогод праходзяць Міжнародны дзень біялагічнай разнастайнасці, Адзін дзень без аўтамабіля, Дзень Зямлі і інш. Усе яны маюць мэтай паўплываць на паводзіны людзей і звярнуць увагу на існуючыя праблемы. 5 чэрвеня ўся планета будзе адзначаць Сусветны дзень навакольнага асяродзя - добрая нагода сабраць жыхароў горада, каб паказаць ім новыя спосабы захавання прыроды, расказаць пра альтэрнатыўныя крыніцы энергіі і нагадаць пра старыя забытыя спосабы эканоміі і спажывання энергіі.

2. Хто ваша мэтавая група?

Дасведчаныя трэнеры фонду “Інтэракцыя” - Святлана Паддубная і Марына Барысава падзяліліся з удзельнікамі метадалогіямі і падыходамі, якія дапамагаюць ацаніць эфектыўнасць камунікацыі і распаўсюду інфармацыі сярод розных груп насельніцтва, для якіх арганізоўваюцца тыя ці іншыя мерапрыемствы. Бо важна не “вынаходзіць веласіпед”, а камунікаваць са сваёй аўдыторыяй і высветліць, чаго яна хоча і тым самым палепшыць ужо гатовыя планы і сцэнарыі мерапрыемстваў. Адказы дапамогуць вам разнастаіць мерапрыемствы “жывымі” фарматамі. І не забывайцеся выкарыстоўваць “хуткія” каналы сувязі, такія, як Facebook, Vkontakte і Instagram.
Photo2.jpg
3. Працуем разам!

Калі арганізатар кажа, што зрабіў нешта маштабна сваімі сіламі, гэта гучыць як гісторыя з фільма пра супергероя. Але і ў супергерояў ёсць свае памочнікі. Напэўна друкаваную і вэб-прадукцыю ўсё ж рыхтаваў дызайнер, друкавалі яе ў тыпаграфіі, мабыць веласіпеды дала мясцовая веласіпедная суполка, а дзеці з суседняй школы разам з настаўнікамі зладзілі цудоўны канцэрт, прысвечаны энергіі сонца.

Важна навучыцца партнёрству, бо толькі так значныя тэмы стануць блізкія усім удзельнікам. Важна даражыць гэтым партнёрствам - і тады знікне страх перад новымі, яшчэ больш маштабнымі мерапрыемствамі. Не заўсёды каб рэалізаваць якасны і цікавы праект патрэбны велізарны бюджэт. Важна знайсці аднадумцаў, якія таксама атрымаюць выгаду ад супрацы. Партнёры - гэта і новы погляд на сітуацыю, магчымасць палепшыць праект. Партнёры могуць падказаць ідэю ці рашэнне, якія неабходныя тут і цяпер.
Photo3.jpg
Каб праверыць партнёрства на працы, трэнеры далі ўдзельнікам заданне - пабудаваць мост. Кожная з каманд атрымала матэрыялы, часткі канструкцыі агульнага маста. Каманды разыйшліся па розных пакояў і не маглі ўявіць як жа яны атрымаюць паспяховы вынік, калі нават ня бачаць адзін аднаго. Яны маглі пісаць адно аднаму лісты і тры разы адпраўляць прадстаўнікоў сваіх каманд, каб абмеркаваць, які ідуць справы. Адзін з удзельнікаў нават тэлефанаваў у родны горад Глубокае, каб параіцца з мясцовым архітэктарам наконт асаблівасцяў будаўніцтва такіх канструкцый. Калі ўсе сустрэліся каб завяршыць “будаўніцтва”, то моцна здзівілся, што іхныя візіі супалі, а вынік быў звыш за чаканні.

4. Будзьце заўважнымі!

Дзеля таго, каб гарады-падпісанты ініцыятывы ЕС “Пагадненне Мэраў - Усход” маглі больш паспяхова камунікаваць, дэманстраваць сваю прыналежнасць да ініцыятывы і ўключыцца ў міжнародны кантэкст, для іх распрацаваныя камунікацыйныя матэрыялы з лагатыпамі (бланкі, шаблоны прэзентацый, макеты банераў і інш.). Таксама ёсць магчымасць змяшчаць на сваіх матэрыялыах лагатып ініцыятывы, распрацаваны ў розных фарматах і варыянтаў (знаходзіцца ў той жа тэчцы).

З асаблівасцямі выкарыстання візуальнай айдэнтыкі ўдзельнікаў пазнаёміла Вольга Салахеева, камунікацыйная экспертка ініцыятывы ЕС "Пагадненне Мэраў - Усход" у Беларусі. Яшчэ адна магчымасць выкарыстоўваць ужо распрацаваную прадукцыю - праект “Пагадненне мэраў у Беларусі”, які рэалізуе МГА «Экапартнёрства». Алеся Чумакова, прэс-сакратарка МГА распавяла, якую падтрымку могуць чакаць удзельнікі.

10 гарадоў Беларусі ўжо зацвердзілі свае планы і рыхтуюцца да арганізацыі Дзён Энергіі. Сачыце за ўсімі гарадамі на сайце Еўрапейскага тыдню ўстойлівай энергіі.

Семінар прайшоў у межах праекта “Пагадненне мэраў - Усход”. Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy.
Photo4.jpg
Ініцыятыва EU4Energy накіравана на ўдасканаленне энергазабеспячэння, яго бяспекі і даступнасці, а таксама папулярызацыю ідэй энергаэфектыўнасці і выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі ў краінах Усходняга партнёрства. Гэта дасягаецца праз фінансаванне праектаў і праграм, якія судзейнічаюць рэфармаванню энергетычнага рынку дзеля змяншэння залежнасці ад крыніц энергіі і яе спажывання на нацыянальным узроўні. У доўгатэрміновай перспектыве энергазабеспячэнне становіцца ўсё больш даступным, надзейным і празрыстым. Такім чынам, скарачаецца дэфіцыт энергарэсурсаў і змяншаецца кошт энергіі для грамадзян і прыватнага сектара. Падрабязней пра ініцыятыву www.EU4Energy.eu