image2 08.05.2020

Беларускі Чырвоны Крыж і БЕЛМЕД аб’ядналі намаганні супраць COVID-19

У красавіку да ліку партнёраў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа далучыўся праект БЕЛМЕД, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Красный крест.jpg

Цеснае ўзаемадзеянне Міністэрства аховы здароўя, Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, агенцтваў ААН ва ўмовах наступу каранавіруснай інфекцыі дапамагло аператыўна аб’яднаць намаганні і мабілізаваць рэсурсы для падтрымкі Беларускага Чырвонага Крыжа. Падводзім вынікі першага месяца супрацоўніцтва.

Вольга Мычко, Генеральны сакратар Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа:

– Вельмі важна, што пасля прынцыповага рашэння аб супрацоўніцтве мы адразу перайшлі да канкрэтных дзеянняў. Аператыўна былі распрацаваны інфармацыйныя матэрыялы, у тым ліку, разлічаныя на пажылых людзей. Для бяспечнай працы валанцёраў перададзеныя сродкі індывідуальнай абароны ‒ маскі, пальчаткі, антысептыкі. У сітуацыі, якая склалася, вельмі важная не толькі матэрыяльная дапамога, але і экспертная. Патрэбныя дасведчаныя спецыялісты, здольныя аператыўна вырашыць праблему, наладзіць эфектыўную працу. Да калектыву Беларускага Чырвонага Крыжа далучыліся восем каардынатараў па працы з валанцёрамі, а таксама PR-кансультант, які дапаможа ў рэалізацыі інфармацыйнай кампаніі.

Алег Дубовік, менеджар праекта БЕЛМЕД:

– Адна з ключавых аўдыторый, на якую накіраваны наша клопат у сітуацыі, якая склалася, ‒ людзі старэйшыя за 60 гадоў. Для іх спецыяльна быў створаны фармат улёткі «Простыя парады» ‒ гэта базавыя рэкамендацыі: заставацца дома, захоўваць дыстанцыю, мыць рукі, займацца фізкультурай, правільна харчавацца і захоўваць бадзёрасць духу.

chb-dobryj-telefon-577x800.jpg

Лік ідзе на дні, таму важна, каб інфармацыя працавала максімальна эфектыўна. Напрыклад, улёткі для пажылых былі падрыхтаваныя таксама і для сацыяльных сетак у чорна-белым варыянце, каб кожны мог раздрукаваць іх на звычайным прынтары і павесці ў сваім пад’ездзе, на дошцы аб’яў у раёне.

Многім пажылым людзям у самаізаляцыі патрэбна падтрымка малодшых сваякоў, знаёмых, суседзяў. Часам трэба проста патэлефанаваць і даць добрую параду. Падборка такіх парад была выканана ў фармаце інтэрнэт-банераў #МолодыеПожилым! (Маладыя - пажылым).

822x1024_banner6.jpg

Максім Разумовіч, начальнік адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела Беларускага Чырвонага Крыжа:

– Яшчэ тыдзень таму на наш склад паступіў тыраж у 145 000 каляровых улётак з «Простымі парадамі» для пажылых людзей, рэкламай інфармацыйнай лініі 201 «Добры тэлефон», рэкамендацыямі, як паводзіць сябе ў грамадскім транспарце.

Частка накладу ўжо перададзена арганізацыям грамадскага транспарту, большую частку раздадуць нашы валанцёры ў Мінску і абласных, раённых гарадах. 145 000 улётак – гэта вялікая дапамога!



Алена Русіновіч, Рэспубліканскі каардынатар Беларускага Чырвонага Крыжа па працы з валанцёрамі:

— Для многіх адзінокіх і пажылых людзей, якія знаходзяцца ў самаізаляцыі, валанцёры з'яўляюцца, бадай, адзіным злучным звяном з навакольным светам. І вядома, ім патрэбныя сродкі абароны, перш за ўсё маскі, пальчаткі, сродкі дэзінфекцыі, каб засцерагчы і сваё жыццё, і жыццё людзей, якім яны дапамагаюць. Першая партыя ў 30 0000 пальчатак перададзена Беларускаму Чырвонаму Крыжу 20 красавіка, праз тыдзень адгружана за 12 000 ахоўных масак, у пачатку траўня перададзена 1100 літраў антысептыку для рук.



Спампаваць улёткі

Крыніца: сайт Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа