image2 02.02.2017

У Беларусі адчыняецца "Клуб адукатараў"

Доўгатэрміновы навучальны курс «Школа адукатараў», праведзены ў рамках праекта “Вучыцца, каб дзейнічаць” у жніўні-снежні 2016 года, атрымае працяг у дзейнасці «Клуба адукатараў». Стартавая сустрэча Клуба адбылася 22 студзеня 2017 года. Клуб ствараецца з мэтай аб'яднання выкладчыкаў для дарослых, трэнераў, андрагогаў для забеспячэння падтрымкі іх дзейнасці, абмену вопытам і лепшымі практыкамі.

16177510_10208461754076557_3119897983793818780_o.jpg

Доўгатэрміновы модульны курс "Школа адукатараў" быў накіраваны на развіццё кампетэнцый пачаткоўцаў-трэнераў для дарослых з усіх рэгіёнаў Беларусі. Адукацыйныя модулі былі падрыхтаваныя камандай беларускіх трэнераў у адпаведнасці з рэкамендацыямі Глабальнай праграмы навучання і адукацыі дарослых Curriculum GlobALE. Працягласць адукацыйнага курса склала 400 гадзін (160 аўдыторных гадзін і 240 гадзін індывідуальнай падрыхтоўкі). Удзельнікі пашырылі спектр сваіх ведаў пра асаблівасці сферы адукацыі дарослых у Беларусі і Германіі, мелі магчымасць скласці ўяўленне пра значэнне адукацыі на працягу жыцця ва ўласным сацыяльным кантэксце, азнаёміліся з асаблівасцямі грамадзянскай адукацыі як адным з важных накірункаў адукацыі дарослых. У якасці самастойнай работы ўдзельнікі правялі аналіз патрэб мэтавай аўдыторыі ў сваім рэгіёне, а таксама распрацавалі ўласныя адукацыйныя праграмы.

16177489_10208461625073332_6650913148787506553_o.jpg

У рамках стартавай сустрэчы Клуба яго першыя патэнцыйныя ўдзельнікі абмеркавалі рэгламент дзейнасці і план працы на бліжэйшы год. На сустрэчы прысутнічалі ўдзельнікі, арганізатары і трэнеры навучальнага курса "Школа адукатараў-2016", выпускнікі папярэдніх "Школ", арганізаваных Асацыяцыяй дадатковай адукацыі і асветы (АДАіА), а таксама запрошаныя госці.

16252395_10208461658474167_8834918355163686585_o.jpg

Вынікам сустрэчы стала стварэнне ініцыятыўнай групы, якая дапрацуе прапановы па фармаце, змесце дзейнасці, працэдуры прыёму ў Клуб новых членаў. Чакаецца, што кола ўдзельнікаў будзе ўключаць практыкуючых спецыялістаў у галіне нефармальнай і дадатковай адукацыі дарослых. Для таго, каб далучыцца да "Клуба адукатараў", неабходна адправіць заяўку на адрас adop2011info@gmail.com. Уся інфармацыя аб дзейнасці Клуба па меры яе абнаўлення будзе даступная ў суполцы ў сетцы Facebook https://www.facebook.com/groups/1584897178472948/.

16179261_10208476652809016_6870830218432535799_o.jpg

"Клуб адукатараў" ствараецца ў рамках праекта "Вучыцца, каб дзейнічаць", які рэалізуецца ў Беларусі Прадстаўніцтвам зарэгістраванага аб'яднання "Deutscher Volkshochschul-Verband eV" (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь у партнёрстве з Асацыяцыяй дадатковай адукацыі і асветы (АДАіА, Рэспубліка Беларусь) і Народным універсітэтам г. Кам (Баварыя, Федэратыўная Рэспубліка Германія) пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і DVV International.